Кіраўнік Кітая прыбыў у Беларусь з дзяржаўным візітам (відэа)
Падчас візіту плануецца падпісаць дамову аб дружбе і супрацоўніцтве Беларусі з КНР і шэраг іншых дакументаў.
10 траўня ў Беларусь прыбыў старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін. Ён наведвае нашу краіну з дзяржаўным візітам — першым за апошнія 14 гадоў.
У Мінск кітайскі кіраўнік прыбыў з Масквы, дзе прысутнічаў на святкаванні 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У Маскве Сі Цзіньпін ужо сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам.
Афіцыйная сустрэча лідараў дзвюх краін адбудзецца сёння ў Палацы Незалежнасці. 11 траўня ў мінскім гатэлі "Пекін" з удзелам Сі Цзіньпіна адкрыецца беларуска-кітайскі эканамічны форум, адзначае БелаПАН. У той жа дзень кіраўнік КНР наведае Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а 12 траўня адправіцца ў Смалявіцкі раён Мінскай вобласці, дзе вядзецца будаўніцтва кітайска-беларускага індустрыяльнага парку "Вялікі Камень".
Падчас візіту плануецца падпісаць дамову аб дружбе і супрацоўніцтве Беларусі з КНР, дэкларацыю аб далейшым развіцці і паглыбленні двухбаковых адносін стратэгічнага партнёрства. Таксама мяркуецца падпісаць шэраг пагадненняў аб супрацоўніцтве ў гандлёва-эканамічнай, мытнай, адукацыйнай і культурнай сферах.
Нагадаем, 4 траўня ў інтэрв'ю кітайскаму інфармагенцтву Сіньхуа Лукашэнка заявіў, што Беларусь "не проста мае добрыя адносіны" з КНР, а ганарыцца імі.
Фота — БЕЛТА