Кіраўнік МЗС Літвы: Сітуацыя на беларуска-літоўскай мяжы непрымальная!

Колькі віз выдае літоўская амбасада ў Мінску?

Лінас Лінкявічус: Наша амбасада выдае каля тысячы віз за дзень. Больш за ўсё віз мы выдаём у Мінску. 180 тысяч віз мы выдалі за 11 месяцаў гэтага года, што на 22% больш, чым у мінулым годзе. Палова з іх доўгатэрміновыя. І каля 40% бясплатныя. Бо мы не хочам на гэтым зарабляць. На жаль, кошты на візы вельмі вялікія. Але мы не можам нічога зрабіць. Трэба весці перамовы з Беларуссю. Таму мы выдаём бясплатныя візы па магчымасці.

За год да нас прыехалі каля 400 тысяч турыстаў з Беларусі. Але я б жадаў, каб больш адкрытай была мяжа і людзі маглі ездзіць больш свабодна. Мне падабаюцца беларусы, яны падобныя да нас. Нават больш адкрытыя па характары. Я спадзяюся, што вы зможаце больш свабодна ездзіць па Еўропе. Але мяч на баку вашых уладаў. Больш нічога нельга зрабіць. Калі нешта рабіць, то трэба парушаць правілы Шэнгена, але мы не будзем гэта рабіць. Мы скарачаем бюджэт. Але для Беларусі робім выключэнне і будзем пашыраць консульскую службу.

Што вы плануеце рабіць з электроннай рэгістрацыяй, якую цяжка прайсці, бо некаторыя браніруюць месца ў чарзе і прадаюць за грошы?

Лінас Лінкявічус: Мы ведаем пра праблемы з электроннай рэгістрацыяй. Але гэта зручная сістэма, што дазваляе не стаяць увесь час у чарзе. Я магу абяцаць, што звярну ўвагу на гэту праблему. Цяпер павялічылася колькасць жадаючых атрымаць візы, але супрацоўнікаў у консульстве мала. Штат пашыраць мы не можам. Консульскае абслугоўванне — не канвеер. Калі консул мае 2 хвіліны, каб прыняць рашэнне, гэта таксама не праца. З аднаго боку стараемся, каб выдаваць больш віз, але ёсць перакосы. Нашы людзі ездзілі ў Мінск і глядзелі на ўмовы. І я ўжо казаў, што будзем думаць, як пашыраць. Наконт фірм, мы самі ўказвалі ўладам Беларусі на некаторыя сайты, якія нават карысталіся нашай сімволікай.

Чаму так павольна рухаецца дамова аб малым памежным руху?

Лінас Лінкявічус: Сама дынаміка добрая. Я не разумею чаму так доўга... Мы завяршылі ўсе працэдуры са свайго боку для спрошчаных паездак жыхароў памежных тэрыторый. Я дакладна ведаю, што ў беларускіх уладаў няма больш ніякіх патрабаванняў да нас. Я сам пытаўся не раз, можа нам яшчэ нешта трэба зрабіць? Але нам сказалі: “Не, усё зроблена, але мы яшчэ не гатовыя”. Чаму, я не магу зразумець. Я толькі што размаўляў з паслом Беларусі, які ўжо з'язджае. Я яго спытаў таксама, чаму так, ён не змог адказаць.

Ці не плануеце пашыраць колькасць пераходаў паміж Літвой і Беларуссю? Ёсць дробныя пераходы, мясцовыя, якія хацелі зрабіць даступнымі для ўсіх грамадзян…

Лінас Лінкявічус: Тут патрэбна інфраструктура: дарогі, і так хутка гэта не зробіцца. Але па-мойму, мы вырашылі некаторыя пункты адчыніць для легкавых аўтамабіляў. Гэта будзе рабіцца. Але нам трэба ўдасканаліць інфраструктуры існуючых пераходаў. Я сам ездзіў і бачыў чэргі на мяжы. Так нельга. Тут таксама трэба інвеставаць і рабіць з абодвух бакоў. Як электронная сістэма, якую трэба ўводзіць з абодвух бакоў. Ёсць разуменне з абодвух бакоў, што гэта трэба. Усе згодныя. Я думаю, што ўсё вырашыцца ў будучым, бо я тут не бачу палітычнай падаплёкі гэтага не рабіць. Людзі павінны годна сябе адчуваць на мяжы. Тое, што цяпер — непрымальна! Па санітарных умовах і па іншых мерках.

Як развіваюцца адносіны з Беларуссю?

Лінас Лінкявічус: Калі зусім шчыра, то нашы адносіны рухаюцца наперад. Апошнім часам атрымоўваецца канструктыўна размаўляць, сустракацца. З эканомікай усё нармальна. Нягледзячы на санкцыі, не пабаюся гэтага слова, ёсць рост. Але ўсё роўна нармальнаму дыялогу перашкаджаюць справы, звязаныя з палітыкай. Я вельмі рады, што Беларусь удзельнічала ў саміце Усходняга партнёрства і эканамічным форуме. Мы з ЕС заўсёды ўздымаем пытанне палітзняволеных. Але гэта рухаецца вельмі павольна. Калі б сітуацыя вырашылася, было б магчыма лягчэй гаварыць, адчыніць больш дзвярэй, было б менш абмежаванняў. Гэта дзіўная для мяне прычына, бо яе можна вырашыць без ніякай шкоды.

Што наконт дамовы аб рэадмісіі і спрашчэнні візавага рэжыму?

Лінас Лінкявічус: Міністр Макей сказаў, што Беларусь гатова да перамоваў і да дамовы аб рэадмісіі. Калі заява ёсць, то значыць будзе. Гэта зойме час. Пакуль, акрамя заявы, няма нічога, але толькі тры тыдні прайшло пасля Саміту. Таму чакаем.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі