Кіраўнікі Беларусі і Расіі абмеркавалі крызіс, крэдыты, газ і войска

На перамовах кіраўнікоў Беларусі і Расіі, якія прайшлі 19 сакавіка ў Завідаве, асноўная ўвага надавалася фінансаваму крызісу. Аляксандр Лукашэнка і Дзмітры Мядзведзеў абмеркавалі меры і механізмы, якія Масква і Мінск маглі б задзейнічаць для сумеснага пераадолення наступстваў крызісу для эканомік дзвюх краін, паведамляе "Інтэрфакс". Падчас перамоваў была дасягнутая дамоўленасць правесці 20 сакавіка сумесную калегію міністэрстваў фінансаў Беларусі і Расіі, каб абмеркаваць выдачу крэдытаў і выкарыстанне іншых формаў эканамічнага ўзаемадзеяння.

Таксама была закранутая і тэма энергетыкі. У прыватнасці Лукашэнка і Мядзведзеў згадалі тэхнічныя праблемы ў сферы газавага супрацоўніцтва Масквы і Мінска. Яны дамовіліся стварыць працоўную групу, якая на працягу месяца павінна падрыхтаваць прапановы аб далейшых кроках для развіцця расійска-беларускага супрацоўніцтва ў электраэнергетыцы, атамнай энергетыцы, па кааперацыі ў газавай сферы, супрацоўніцтве Газпрома і Белтрансгазу.

Акрамя таго, як адзначае БелаПАН, Лукашэнка і Мядзведзеў разгледзелі пытанні вайсковага і вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва. Сёлета Беларусь і Расія правядуць буйное сумеснае аператыўна-стратэгічнае вучэнне "Захад-2009", якое пройдзе на тэрыторыі дзвюх дзяржаваў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі