Клічаўскі аграрна-тэхнічны каледж выпусціў уласную валюту (фота)

Яе выдаюць пад разлік у аванс, але скарыстацца ёю можна толькі на тэрыторыі навучальнай установы. Курс: 1 талон – 50 тысяч рублёў. Праўда, абмяняць яго можна толькі на ежу і тавары. Гарэлку і цыгарэты па новай валюце не прадаюць! Супрацоўнікі Клічаўскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа (КДАТК) атрымліваюць частку заробку талонамі на ежу. Гэта кавалачкі белай паперы з пячаткамі навучальнай установы, кожны з якіх мае намінал у 50 тысяч рублёў.

Намесніца дырэктара каледжа па камерцыі Людміла Шма кажа, што ўвядзенне талонаў — вымушаны захад: "Да нас райвыканкам даводзіць паказчыкі па таваразвароце. Вядома, такія паказчыкі, як яны даводзяць, выканаць складана. Таму мы прапанавалі людзям не хадзіць на кірмаш і па іншых крамах, а атаварвацца ў нас".





Клічаў — не такі ўжо вялікі горад. Але ўсё роўна не вельмі зручна, калі за макаронамі можаш схадзіць толькі ў дзве пэўныя крамы.

"Калі разлічыцца талонамі яны могуць на тэрыторыі арганізацыі, гэта абмяжоўвае права працаўніка на выкарыстанне свайго авансу", — мяркуе юрыст.

Тым не менш, па словах Людмілы Шма, выкладчыкі каледжа падтрымалі ідэю з талонамі ледзь не аднагалосна. Адзінае, што шкада: на рэальныя грошы гэтыя талоны не абмяняеш. Нават калі набыць тавараў на 50 тысяч за 1 раз не атрымалася.

"Мы падалі ў крамы спісы нашых выкладчыкаў і працаўнікоў, — распавядае Людміла Шма. — І гандляркі пішуць: з 50 тысяч атаварана 25 тысяч! Яны ведаюць: гэта Аўласенка прыйшоў, а гэта Кашамаль, яны могуць яшчэ на 25 тысяч набыць тавару... Так талон можна атаварыць і за два разы. Вядома, можна было б даваць рэшту. Але гэта не ў нашых інтарэсах!"

Цікава, што ў крамах інтэрнатаў каледжу не прадаюцца цыгарэты і алкагольныя напоі. Усё ж гэта навучальная ўстанова! Такім чынам, талонамі адміністрацыя каледжа хаця і ўскосна, але змагаецца за здаровы лад жыцця сваіх супрацоўнікаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі