Кожны чыноўнік зможа закрыць інтэрнэт-сайт па ўласным жаданні

А  ўсю адказнасць за дзейнасць Інтэрнэт-карыстальнікаў перакладуць на плечы правайдэраў. Менавіта такія нормы закладзеныя ў праект указа прэзідэнта, датычнага рэгулявання Інтэрнэт-прасторы У тэксце новага Закона “Аб СМІ”, які пачаў дзейнічаць з 8 лютага гэтага года, было закладзена папярэджанне пра тое, што праз пэўны час дойдзе чарга і да рэгулявання дзяржавай Інтэрнэт-прасторы. Здаецца, чарга дайшла: 14 снежня стаў вядомы тэкст праекта ўказа "Аб мерах па ўдасканальванні выкарыстання нацыянальнага сегмента глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт".

На думку кіраўніка праекта “Электронная Беларусь” Міхаіла Дарашэвіча, большасць артыкулаў праекта указа паўтараюць ужо дзеючыя ў дачыненні да Інтэрнэту правілы. Але і ёсць новае, чаго раней не было.

Міхаіл Дарашэвіч: “Мне бачыцца досыць негатыўным, і гэта праблема міжнародная, перакладванне адказнасці за дзейнасць карыстальнікаў на правайдэраў. Гэта “новае”, бо раней правайдэры не неслі такой адказнасці. Ідэнтыфікацыю карыстальнікаў правайдэры і раней праводзілі, давалі гэтую інфармацыю, калі праводзіліся нейкія аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы — гэта нармальная практыка. Але тое, што яны будуць несці адказнасць за карыстальніка, — мне падаецца, што гэта няправільна і не адпавядае міжнародным трэндам”.

Другой негатыўнай “навінкай” эксперт называе магчымасць абмяжоўваць доступ карыстальнікаў да нейкага Інтэрнэт-рэсурса “паводле просьбаў грамадзян”.

Міхаіл Дарашэвіч:
“Асобныя карыстальнікі могуць сказаць, што ім не падабаецца гэты рэсурс, і правайдэр павінен не дапускаць да гэтага рэсурса карыстальнікаў. Я тут бачу вельмі шмат падвохаў. Калі дзяржчыноўнікам нейкі рэсурс не спадабаецца і яны скажуць: “Мы лічым, што да гэтага рэсурса трэба абмежаваць доступ”, — і правайдэр будзе вымушаны выканаць гэтае пажаданне”.

Паводле праекта ўказа, у трохмесячны тэрмін пасля апублікавання ўказа Савет Міністраў павінен забяспечыць рэгламентацыю дзейнасці інфармацыйных рэсурсаў беларускага сегмента Інтэрнэту. Фактычна гэта азначае, што Інтэрнэт-сайты мусяць быць зарэгістраваныя ў якасці СМІ. Але як гэта будзе выглядаць, кажа Міхаіл Дарашэвіч, з дакумента не ясна. Як і тое, што рабіць тым сайтам, якім адмовяць у рэгістрацыі.

Міхаіл Дарашэвіч:
“Не ведаю, як будзе выглядаць і што рабіць. Пытанні рэгулявання да такой ступені складаныя, і калі ўзнікае вельмі моцнае жаданне рэгуляваць, яно прыводзіць да вельмі непрыемных калізій. Зараз цяжка прадказваць, як яно будзе. Але заўсёды, калі рэгулюецца без ведання пытання, гэта прыводзіць да таго, каб абыйсці гэтае рашэнне (аб адмове ў рэгістрацыі — Еўрарадыё). Але навошта ствараць навыкі абмінання рэгуляторных механізмаў, калі іх можна адпачатку не ствараць?”

Еўрарадыё паспрабавала адшукаць распрацоўшчыкаў праекта ўказа і даведацца ў іх, як будзе праходзіць рэгістрацыя Інтэрнэт-рэсурсаў у якасці СМІ і што будзе з тымі, каму адмовяць у рэгістрацыі. Але кіраўнік аднаго з упраўленняў Цэнтра законапраектнай дзейнасці, які папрасіў не называць яго імя, сказаў, што яны да распрацоўкі гэтага праекта не маюць дачынення. А што будзе з рэгістрацыяй, ён сказаць нічога не можа.

Цэнтр законапраектнай дзейнасці: “Складана сказаць, бо яшчэ нічога не вядома. Ёсць толькі законапраект. Але мы яго не распрацоўвалі, гэты дакумент, таму ніякіх каментароў даць не можам”.

Згодна са словамі намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, юрыста Андрэя Бастунца, рэгістравацца ў якасці СМІ будуць тыя Інтэрнэт-рэсурсы, якія самі вырашаць, што гэта ім патрэбна. Але, кажа, калі такому рэсурсу адмовяць у рэгістрацыі, то яго далейшая праца можа моцна ўскладніцца.

Андрэй Бастунец: “Хутчэй за ўсё, паўстане пытанне пра тое, наколькі той, каму адмовілі, зможа размяшчаць інфармацыйную стужку на сваім партале і ці не павінен ён будзе агрэгатар навінаў прыбраць са сваёй стужкі. А калі рэсурс будзе працягваць дзейнічаць як сродак масавай інфармацыі, дык да яго могуць быць ужытыя тыя ці іншыя санкцыі”.

Увогуле ж, кажа ён, праект гэтага ўказу ўяўляе сабой адно вялікае ноў-хаў.

Андрэй Бастунец: “На сённяшні дзень увесь гэты ўказ — ноў-хаў. Бо тут так сістэмна ўсё ахоплена: што тычыцца і правайдэраў, і рэгістрацыі рэсурсаў, і працы карыстальнікаў Інтэрнэта”.

Удакладніць падрабязнасці магчымай рэгістрацыі Інтэрнэт-рэсурсаў у якасці СМІ Еўрарадыё вырашыла ў юрыстаў Міністэрства інфармацыі. Але цягам дня ніводны з іх тэлефонаў не адказваў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі