Кожны год у Беларусі ўсынаўляюць каля 600 дзяцей
Сёлета беларускія сем'і ўжо ўсынавілі 425 дзяцей. Гэта на 9 больш, чым летась, распавяла дырэктар Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Міністэрства адукацыі Наталля Паспелава.
Па яе словах, беларусы апошнім часам маюць вялікую цікавасць да ўсынаўлення. Штогод усынаўляюць каля 600 дзяцей. Што тычыцца міжнароднага ўсынаўлення, дык са студзеня па верасень 2016 года 19 беларускіх дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, былі перададзеныя ў італьянскія сем'і.
"Да канца года гэтая лічба павялічыцца ўдвая", — сказала Паспелава.
Таксама дырэктар цэнтра па ўсынаўленні распавяла, што ў электроннай базе інфармацыйнага партала Dadomu.by зараз налічваецца 4022 хлопчыка і дзяўчынкі, якія маюць патрэбу ў сям'і. Большасць з іх пражываюць у інтэрнатах. Аднак ёсць і дзеці, якія выхоўваюцца прафесійнымі бацькамі ў часовых сем'ях.