Краіны Балтыі заклікаюць увесь ЕС увесці транзітныя санкцыі супраць Беларусі
Краіны Балтыі звычайна настроеныя больш рашуча ў адрозненне ад партнёраў па ЕС / Еўрарадыё
Усе краіны ЕС павінны прыпыніць транзіт беларускіх нафтапрадуктаў, як Эстонія, лічаць прэм'ер-міністры Літвы і Латвіі. Такія санкцыі будуць найбольш эфектыўнымі і справядлівымі, адзначаюць палітыкі.
Прэм'ер-міністр Літвы Інгрыда Шымонітэ падкрэсліла, што такія меры прынятыя Літвой яшчэ да сектаральных санкцый ЕС.
— Толькі ў такім выпадку можна было б дамагчыся найлепшага эфекту і стварыць як мага менш умоў для тых, хто шукае выключэнні ці нейкія шчыліны, праз якія можна абыйсці санкцыі, — кажа Шымонітэ.
Прэм'ер Латвіі Крыш'яніс Карыньш падтрымлівае ідэю агульных санкцый, але падкрэслівае, што нацыянальныя таксама будуць абмяркоўвацца.
— ...мы, тры балтыйскія дзяржавы, ужо прапанавалі ўвесці санкцыі ва ўсім ЕЗ, што выключыць магчымасць таго, што хтосьці паспрабуе законна абысці санкцыі асобнай краіны, — кажа Карыньш.
Эстонія наважыла ўвесці санкцыі аб прыпыненні транзіту беларускіх нафтапрадуктаў 3 лютага. Гэта адбылося пасля публікацыі групы журналістаў аб тым, што з дапамогай транзіту праз Эстонію беларускі бок абыходзіў санкцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.