Крымінальнікі і наіўныя: як расіяне просяць бежанства ў Беларусі
Бежанства расіяне просяць, але не атрымліваюць / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Дзясяткі грамадзян Расіі звярталіся па бежанства і абарону ў... Беларусь. Гэтыя звесткі Еўрарадыё атрымала ад "Кібер-Партызанаў", якія яшчэ ў 2021-м атрымалі доступ да дзяржаўнай сістэмы "Бежанцы".
Беларусь, абарані ад Расіі!
"У сітуацыі з правамі чалавека ў Расіі захавалася негатыўная дынаміка. За рэдкім выключэннем, рэакцыя дзяржавы на павелічэнне грамадзянскага актывізму насіла рэпрэсіўны характар і зводзілася да забаронаў, узмацнення жорсткасці заканадаўства і палітычна матываваных адміністрацыйных і крымінальных пераследаў", — гэта не даклад ААН або АБСЕ, гэта тэкст з дакладной запіскі МУС Беларусі.
Такія абгрунтаванні і аналіз спецыялісты пішуць для кожнага просьбіта бежанства ў Беларусі. Пры гэтым, ва ўсякім выпадку да 2020-га, супрацоўнікі МУС пісалі адэкватныя дакладныя запіскі: напрыклад, што ва Украіне няма ўціску рускамоўных, а ў нейкіх краінах ёсць сапраўдныя праблемы.
Вымушаныя былі ў беларускім МУС разгледзець і каля сотні (паводле дадзеных "Кіберпартызан") заявак ад расійскіх грамадзян, якія хацелі знайсці абарону ў рэспубліцы. Спойлер: не знайшлі.
Факт уціску не даказаны
Найстарэйшы запіс з расійскім грамадзянінам у АС "Бежанцы" датаваны 2007 годам, апошнія — 2017-м годам.
Сярод 102 запісаў большасць — ад жыхароў каўказскіх рэгіёнаў Расіі: Чачні, Інгушэціі, Дагестана. Былі, праўда, заяўкі і з Ленінградскай вобласці, і з Валагодскай.
"...знаходзіцца ў СІЗА №1 для экстрадыцыі ў Малдову, дзе асуджаны да 15 гадоў п/в за махлярства", — пазначана ў дакументах МУС па выніках разгляду заяўкі Ігара П., грамадзяніна Расіі, у 2016 годзе.
Цікавая заяўка на бежанства была ад Уладзіміра С. за 2011 год. Пачытайце ўрывак з "аб'ектыўкі" ад МУС:
"Заяўнік сцвярджае, што ён быў выкрадзены групай асоб, якія належалі да руху "Рускае нацыянальнае адзінства" і партыі "Нашы", і да чэрвеня 2010 года ўтрымліваўся ў закінутым доме недалёка ад г. Барнаула. Выкрадальнікі выкарыстоўвалі заяўніка ў якасці працоўнай сілы і перыядычна збівалі", — пісалі супрацоўнікі МУС.
Аднак пазней, аналізуючы паказанні Уладзіміра С. і факты, атрыманыя ад іншых органаў, гісторыя аб выкраданні рускімі нацыяналістамі называецца выдуманай — такім чынам, не знаходзяць прычын для прадастаўлення статусу бежанства. Але і не толькі. Пачытайце вытрымку:
"У.С. заявіў пра асцярогі стаць ахвярай пераследу ў дзяржаве грамадзянскай прыналежнасці па прыкмеце нацыянальнасці, бо ён з'яўляецца палякам. Аднак названыя заяўнікам асцярогі неабгрунтаваныя і не пацвярджаюцца інфармацыяй па краіне.
[…]
У.С. заявіў пра асцярогі пацярпець ад пераследу за сваё веравызнанне з боку прадстаўнікоў руху РНЕ і "Нашы". Аднак інфармацыя, прадстаўленая заяўнікам адносна названага пераследу, прызнана выдуманай.
[…]
У.С. таксама заявіў пра асцярогі пераследу ў Расійскай Федэрацыі па прычыне прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы – сэксуальных меншасцяў. Аднак названыя асцярогі таксама неабгрунтаваныя, бо заяўнік не прадставіў звестак, якія пацвярджаюць яго асцярогі".
Аднак пазней таксама адзначылі: уцёкі ад войска — не падстава для атрымання статусу ўцекача, а з органамі ўлады ў РФ нібыта ўсё добра, таму Івана трэба выслаць. Верагодна, так і зрабілі. Зараз поўны цёзка і аднагодак Івана Ч. жыве ў родным рэгіёне і працуе метадыстам.
Адмова, адмова, адмова
Дадзеныя, атрыманыя з АС "Бежанцы", фрагментарныя, аднак станоўчых рашэнняў па заяўках сярод іх Еўрарадыё не знайшло. Падставы, па якіх звярталіся расіяне за бежанствам з РФ, розныя: ад асцярогі за сексуальную арыентацыю да палітычных поглядаў і вызнання рэлігіі.
Што рабілі з тымі, каму адмовілі? Высылалі назад у Расію, з якой яны чамусьці спрабавалі збегчы ў Беларусь.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.