Кубышкін: Трэба абавязаць радыё, каб 20% музыкі ў эфіры было па-беларуску
Праз 10 гадоў пасля ўвядзення абавязковых 75% беларускай музыкі ў эфіры музыкі разважаюць, як гэта паўплывала на іх папулярнасць, і што трэба мяняць.
Амаль 10 гадоў таму быў прыняты закон, які прымусіў радыёстанцыі з 1 студзеня 2005 года круціць у эфіры не менш за 75% беларускіх выканаўцаў. Мэтай была папулярызацыя айчыннай музыкі. Прычым, ужо праз год Міністэрства культуры казала пра значна большую запаўняльнасць залаў на канцэртах нашых артыстаў і, як вынік, агульнае павелічэнне попыту на іх. З іншага боку, радыйшчыкі і іх слухачы крайне негатыўна ўспрынялі гэтую інфармацыю і дагэтуль наракаюць на закон. Што ж думаюць на гэты конт самі беларускія музыкі?
Лідар BezBileta Віталь Артыст з усмешкай прызнаецца, што кожную раніцу чуе свае песні па радыё і гэта не можа не радаваць.
“Вушы стаміліся чуць гэты енк пра тое, што немагчыма слухаць беларускую музыку, — абураецца Артыст. — Усё адно кожны чалавек сам абірае, якую музыку яму слухаць. Шчыра, не ведаю на колькі на наш поспех паўплывала тое, што BezBileta круціцца ў эфіры. Без лішняй сціпласці, мне падаецца, у нас з музыкай усё ўдаецца. Таму я не супраць гэтага закона. Калі ён дапамагае выканаўцам, няхай будзе!”
Аляксей Хлястоў узгадвае, што папулярнасць да яго прыйшла за 8-9 месяцаў да ўвядзення нормы пра 75% беларускай музыкі ў эфіры, таму казаць пра яго ўплыў вельмі складана.
“Я не бачу праблемы ў гэтай спробе прывіць густ да нашага беларускага прадукту. Усё, што мы цяпер робім — вельмі якасны прадукт! Мне падаецца, што мы нават пераўзыходзім расійскую і ўкраінскую эстраду. То бок я за гэтыя 75% у чыстым выглядзе”.
Аляксей дадае, што ў першыя гады пасля ўвядзення нормы, сапраўды на радыё быў моцны наплыў непрафесійных музыкаў, якія вырашылі, што гэта іх шанец. Натуральна, гэта кідала цень і на прафесійных выканаўцаў.
“Усе тыя, хто хоць раз у жыцці спрабаваў спяваць, пачалі сябе запісваць і пацягнуліся на радыё, — кажа першы FM ды-джэй краіны Андрэй Халадзінскі. — Але казаць пра тое, што камусьці гэта дапамагло… наўрад ці”.
А вось вядомы беларускі прадзюсар Уладзімір Кубышкін наадварот перакананы, што пакаленню музыкаў, якія сёлета святкуюць 10-15 гадоў музычнай кар’еры (Хлястоў, Нэма, Шаркунова ды іншыя), закон пра 75% беларускай музыкі вельмі дапамог.
“Справа ў тым, што ў першы час аўтары, хітмэйкеры аддавалі ў эфір вельмі шмат якаснага матэрыялу, у тым ліку, напісанага і за некалькі гадоў да ўвядзення закона, але так і не дайшоўшага да эфіру, — тлумачыць сваё бачанне сітуацыі Уладзімір Кубышкін. — Але праз гадоў 5 гэты матэрыял скончыўся! То бок аўтары і далей працягнулі пісаць, але, як і раней, прыкладна па адной добрай песні ў квартал. Больш нармальныя аўтары не пішуць, не атрымліваецца, гэта агульная практыка. А адпаведна, мы выйшлі на тое, што праблема 75% на сённяшні дзень не ў тым, што мала якаснай беларускай музыкі ў эфіры, а ў тым, што шмат няякаснай”.
На думку прадзюсара, 75% цяпер ужо граюць не на карысць. Беларусь маленькая краіна для вытворчасці неабходнай колькасці радыёхітоў за месяц, таму радыйшчыкі вымушаныя “дабіваць” адсоткавы недахоп чым давядзецца. У выніку станцыі згубілі фармат, а з ім і ўласны твар. Як следства, слухач перастаў ставіцца да ФМ-эфіру, як для сродку праслухоўвання музыкі, цяпер радыё выключна фонавае суправаджэнне. Менавіта таму, нягледзячы на першапачаткова станоўчы ўплыў на беларускую музыку, сёння гэты закон патрабуе тэрміновых зменаў.
“Усе беларускія музрэды і ды-джэі і так жадаюць дапамагаць беларускай музыцы, — развівае думку Уладзімір. — Асабліва цяпер, калі ў краіне адбываецца ўздым патрыятызму. Але на мой погляд, цяпер у падтрымцы мае патрэбу беларуская мова, а не музыка. Бо музыка не мае нацыянальнасці, а мова мае. Таму я б зрабіў вельмі акуратна, адсоткаў 20, а можа, і менш менавіта беларускамоўнай музыкі ў эфірах, а астатнія абмежаванні прыбраў бы. Калі гэта немагчыма, то трэба вельмі тэрмінова проста змяншаць гэтых 75%”.
Уладзімір дадае, што пад 75% трапляюць і тыя артысты, якія даўно працуюць за мяжой, і ў якіх укладзеныя замежныя грошы. Адпаведна, іх актыўная ратацыя на нашых станцыях ніяк не дапамагае менавіта беларускай музыцы, што таксама варта змяняць. Але, калі адмовіцца ад “беларускасці” Аляхно, Падольскай, Свірыдавай, “Би-2” і іншых, пры гэтым пакінуўшы нязменным 75%, то сітуацыя з радыё і сённяшнім стаўленнем да яго пагоршыцца ў разы.