Купацца ў лясным возеры можна, а паліць вогнішча – не
Што азначае часовая забарона на наведванне лесу на практыцы?
Адразу пасля антыпажарнага паседжання ў кіраўніка дзяржавы ў краіне ўведзеная часовая забарона наведвання лясоў.
“Але як быць тым, хто ў такую спёку сабраўся на прыроду на выходныя? — задаюць пытанне слухачы Еўрарадыё. — Ці можна, напрыклад, да азёраў, якія збольшага знаходзяцца ў лясах?”
У Міністэрстве лясной гаспадаркі Еўрарадыё даюць такі адказ:
“Калі дарога да возера ляжыць праз лес, на яго нельга ісці. Як учора сказаў кіраўнік дзяржавы на паседжанні па пажарнай бяспецы, дзён 9-10 пратрымаецца тэмпература. Як толькі надвор’е нармалізуецца, забарона будзе знятая”.
Нейкай пастановы быццам бы няма, на выканкамы Міністэрства лясной гаспадаркі пісала лісты-папярэджанні. А вось забараняць ці не наведванне лясоў, вырашае кожны раён асобна. Як тады быць?
Тэлефануем у Ганцавіцкі лясгас. Сёння зранку тут адбыўся пажар, у лясніцтве кажуць, што нехта падпаліў лес.
Дырэктар Ганцавіцкага лясгаса Аляксей Крупеніч гаворыць, што з панядзелка мабільная група патрулюе лес, але пакуль нікому штраф не выпісвалі. Добра, што забарона на наведванне лесу з’явілася, калі няма ні ягад, ні грыбоў, а значыць, і людзей няма. З рэдкімі грыбнікамі разыходзяцца мірна.
“Гледзячы як сябе чалавек паводзіць. Калі ціха-спакойна — тады вымова, а калі пачынае скандаліць — тады штраф”, — дырэктар лясгаса кажа, што нават вогнішча развесці на беразе возера можна! Але толькі калі месца для гэтага абсталяванае. Калі пляж дзікі, а людзі проста купаюцца — таксама быццам бы штраф не пагражае. Толькі каб не палілі вогнішча!
У Брэсцкім лясніцтве, дзякуй богу, ніякіх пажараў.
“Старшыня абласнога лясніцтва гаворыць, я маліцца павінен, што ў мяне ўсё спакойна”, — кажа дырэктар Брэсцкага лясніцтва Васіль Стэльмах.
У лясніцтве кажуць, што нельга так проста браць і штрафаваць. Трэба глядзець на сітуацыю: калі чалавек пасвіць кароў і трэба прайсці праз лес, калі працы нейкія, дык за што тады штраф? Да ўсялякай сітуацыі, звяртаюць увагу ў Брэсце, трэба падыходзіць з розумам.
Прэс-сакратар МНС Віталь Навіцкі дае канкрэтную параду: перад любым выездам на прыроду ці на возера патрэбна патэлефанаваць у лясгас, куды збіраецеся паехаць.
“Яны будуць ведаць, ці да іх ведамства адносіцца возера. Іх — значыць, лес, не — значыць, не лес. Але тут нюанс: калі ёсць месцы адпачынку абсталяваныя — можаце пад’ехаць”, — кажа Віталь Навіцкі і папярэджвае: штраф за вогнішча — да 50 базавых!
А колькасць пажараў пасля забароны наведвання лясоў ужо зменшылася.