Курсы “Мова нанова” стартавалі ў Гомелі (фота)

15 лютага арганізатары курсаў “Мова нанова” распачалі заняткі ў Гомелі. Гэта дзясяты па ліку горад, у якім стартавалі модныя курсы беларускай мовы. Першая сустрэча мусіла адбыцца ў галерэі Вашчанкі, але за некалькі дзён да мерапрыемства арганізатарам адмовілі ў памяшканні. Таму заняткі праходзілі ў філіяле Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Шклярава.

Жадаючым палепшыць ды аднавіць веданне роднай мовы ледзь хапіла месца ў музейнай зале. Па словах ініцыятара курсаў Глеба Лабадзенкі, на сённяшні дзень па ўсёй краіне, улічваючы Гомель, заняткі наведваюць больш за 700 чалавек.

Пад кіраўніцтвам выкладчыцы Алесі Літвіноўскай гомельскія слухачы курсаў папрактыкаваліся ў беларускай лексіцы і граматыцы, пасля чаго выканалі заданні па тэме “Крама”, якую арганізатары вызначылі тэмай першых заняткаў. Напрыканцы выступіў адмысловы госць — саліст Белдзяржфілармоніі і лідар гурта “Вурай” Сяржук Доўгушаў. Ён выканаў некалькі песень пад акампанемент гітары, распавёў пра прынесеныя з сабой традыцыйныя духавыя інструменты, а таксама далучыў да спеваў беларускіх народных песень усю залу.

Далейшыя заняткі “Мова нанова” будуць праходзіць у Гомелі штонядзелю а 15-й гадзіне, але ўжо пад кіраўніцтвам і каардынацыяй мясцовых выкладчыкаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі