Леанід Заіка: Цяперашняя эканамічная палітыка проста пачварная

110825 ZaikaS.mp3 

 

Еўрарадыё: У чэрвені быў атрыманы першы транш з антыкрызіснага фонду. Другі транш да нас не даходзіць. З чым гэта можа быць звязана?

 

Леанід Заіка: Прычыны могуць быць тэхнічныя, з аднаго боку звязаныя з тым, што ў фінансавых адносінах існуе перыядычнасць паступлення грошай і выплаты. Гэта не залежыць ад Беларусі, грошы маюць сваю логіку паступлення. Другі момант, больш важны – па тых правілах, на якія мы пагадзіліся, мы павінны былі збалансавана падыйсці да нашага гандлёвага дэфіцыту, то бок працаваць у тым кірунку, каб знізіць імпарт і стымуляваць экспарт. Але, на жаль, за паўгода ў нас зноў адмоўны гандлёвы баланс, ён перасягнуў 400 млрд. долараў. Гэта сур’езны аргумент, каб паспрабаваць высветліць, што збіраецца рабіць беларускае кіраўніцтва. Гэта знакавая праблема. На жаль, тое, што сёння адбываецца, не паказвае пазітыўнага выніку. Так што лепш увогуле грошы не браць.

Еўрарадыё: Беларусь павінна была правесці рэформы? Якімі былі ўмовы гэтага крэдыту?

 

Леанід Заіка: Не думаю, што пра рэформы варта ўвогуле гаварыць. Калі б у Беларусі было спыненае крэдытнае эмітаванне грошай, а за першую палову года беларускія прадпрыемствы атрымалі на 32% больш грошай у выглядзе крэдытаў, чым год таму, то тут ужо не рыначныя рэформы патрэбныя. Існуе жалезабетонная антырынкавая практыка ў Беларусі, якая нягледзячы ні на якія складанасці і праблемы, не змяняецца. У адносінах да Беларусі я ўвогуле не стаў бы прымяняць тэрмін "эканамічныя рэформы", я б гаварыў пра элементарны эканамічны здаровы розум. Прадпрыемствы атрымалі крэдытныя грошы, набылі новую сыравіну  і далей выпускаюць сваю прадукцыю, неэфектыўную і дарагую. Хаця сённяшні курс і робіць беларускую прадукцыю таннай. Уся краіна больш купляе, чым прадае, пра якія рынкавыя рэформы можа ісці размова, няма элементарнага здаровага розуму. 

 

Еўрарадыё: Грошы ў выніку ўсё ж дадуць. І што далей будзе?

 

Леанід Заіка: А нічога не будзе. Гэта як п’яны маладзён з падбітым вокам прыйшоў бы дадому і сказаў: "Мама, усе грошы, што ты збірала на піяніна, я прайграў у казіно". Вось такая сітуацыя, уся краіна такая. Год таму таму быў адмоўны гандлёвы баланс быў 10 мільярдаў і зараз набліжаемся да гэтых лічбаў. Прэзідэнт выступае і кажа: у нас усё добра, няма беспрацоўя. Калі ў краіне няма беспрацоўя, значыць, уся краіна жыве не па законах рынкавай эканомікі, а па яшчэ дамарксавых законах. Ня можа быць нармальнай эканоміка, калі самыя кепскія прадпрыемствы знаходзяцца на плыву.

Еўрарадыё: Чаму Расія ўсё ж дапамагае такому партнёру, як Беларусь?

 

Леанід Заіка: Я б не стаў заніжаць вартасць Беларусі. Беларусь можа нармальна і жыць, і працаваць. Толькі тая эканамічная палітыка, якая зараз існуе, яна пачварная. Што датычыцца Расіі – стварылі Мытны саюз. За ўвесь час Крэмль атрымаў нейкае інтэграцыйнае ўтварэнне. Масква атрымлівае станоўчы прыбытак 152 млн на продажы нафты і газу. А тут – даць  3-5 мільярдаў кіраўніцтву, якое нічога не ўмее рабіць. Чаму Расія гэта робіць? Бо стварылі мытны саюз. Калі зараз пачнецца крызіс унутры самога Мытнага саюза– гэта канец Крамля.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі