"Лекарство от меланхолии" прэзентавалі альбом ад грыпу
На ўваходзе ўсіх прысутных чакалі падарункі — дыск "Змеелом" і супрацьвірусная маска ад грыпу.
"Свіны" грып вакол, а я яшчэ жывы", — смяецца Яўген. І тут жа дадае свой рэцэпт прафілактыкі: "Па старой звычцы — паўшклянкі гарэлкі і часнок".
Імпрэза распачалася прэс-канферэнцыяй. Яўген быў у добрым настроі, шмат жартаваў, а часам па-філасофску падыходзіў да адказаў на пытанні журналістаў.
Альбом "Змеелом" прысвечаны падарожжам Яўгена, знакамітага аматара вандровак, па краінах Усходу.
Яўген Салдаценка: "У цэлым усё, як заўсёды. Рознастылёвы альбом з абсалютна рознымі падыходамі да музыкі, з абсалютна рознымі жанрамі. Ёсць крыху Ўсходу. Проста крыху Ўсходу. Таму што там было добра, цікава, там было знойдзена вельмі шмат нейкіх вобразаў".
"Гэта і стала асноўнай канцэпцыяй альбома "Змеелом" — разважае Яўген. — "Вось гэта філасофская канцэпцыя змей, якія кусаюць адна адну за хвост, таксама мае сваю ролю. Для мяне гэты стары ўсходні сімвал мае яшчэ іншы бок у жыцці. У маім разуменні, гэта своеасаблівыя сямейныя адносіны, гэта адносіны мужчыны і жанчыны. Гэта аб’яднанне ў адзінае і цэлае ў працэсе сумеснага жыцця мужчыны і жанчыны. Таму змеі сталі квінтэсенцыяй альбома. Для мяне асабіста загалоўнай тэмай з’яўляецца песня “Мы як змяя”. Ад яе, адскокваючы, пачалі нараджацца іншыя ідэі. Ад ідэі злучэння змей і ад нараджэння нечага новага з’явіліся іншыя адгалінаванні на гэтым альбоме. Змеі тут як асноўны канцэпт".
Падчас імпрэзы можна было памераць ціск і тэмпературу, а таксама атрымаць даведку, якая дазваляе не хадзіць на працу.
Яўген Салдаценка: “Мы б не гучалі як гурт, як зладжаны калектыў, калі б не пастаянная ратацыя кадраў. Насамрэч, касцяк застаецца такім самым з першага альбома. Гэта, вядома, Сярога Анцішын і сябры. Мяняць я пакуль не бачу інтарэсу. Пакуль усё цудоўна ўдаецца, і склад будзе працаваць”.
Іншае пытанне, што ў гурт музыканты ўвесь час запрашаюць новых людзей для таго, каб прыдаць музыцы новыя фарбы. Напрыклад, як на гэтым альбоме з’яўляецца новы інструмент — сітар. Хоць і камбінаваны, са складанымі сінтэтычнымі падкладкамі, але з’яўляецца. Там ёсць і пэўныя духавыя сегменты.
Яўген Салдаценка: “Для таго, каб рэалізаваць музычную ідэю, патрэбныя свежыя таленты. Як было, скажам, на першым альбоме, калі дзеля аднаго праходу ў скрыпцы нам давялося паклікаць маэстра”.
У працягу размовы Яўген падзяліўся з журналістамі досведам працы “на голым энтузіязме”:
Яўген Салдаценка: "Куды б не ламіўся — усюды аднолькава: "А навошта? Каму гэта трэба?!" Вось гэтая шэрасць, дэпрэсняковая маркота, падаўленасць, эмацыйная апушчанасць — гэта ўсё стварае адмоўную атмасферу для працы. Там сям людзі то хварэюць, то ўпадаюць у прастрацыю, то ў запой, то яшчэ нешта. Стварыць нешта сур’ёзнае, нешта цікавае тут катэгарычна складана. Плюс фінансавыя пытанні, плюс увесь час ты сутыкаешся з непаразуменнем, абыякавасцю".
У гэтым і адна з прычын таго, лічыць Салдаценка, што "Лекарство от меланхолии" амаль не дае жывых канцэртаў:
Яўген Салдаценка: "На каго ў нас ходзяць? Толькі калі нейкі заезджы гастралёр, які адзін раз на год прыехаў. Выкалацілі бабла з народа, каб сабраць залу, і ўсё на тым. Што на беларускую музыку актыўна ломяцца? Нашы музыкі з канцэртаў не могуць зарабіць, а гэта ж адзіны хлеб музыкаў!"
Лена Бартлава
Сам Яўген не супраць зноў трапіць на канцэрт "Depeсhe Mode", на якім ён ужо быў аднойчы і які яго вельмі ўразіў.
На развітанне Яўген распавёў пра тое, што альбом "Змеелом" камусьці можа здавацца даволі сумным і занадта “эзатэрычным”.
“Але ад кожнай хваробы выратоўвае ўсмешка на твары!" – сцвярджае ён. – "Не хварэйце!!!"