Лекары схавалі частку звестак пра аперацыю над Юліяй Кубаравай
Яны схавалі ад праверкі факт рэанімацыйных мерапрыемстваў падчас аперацыі.
Пра гэта 15 студзеня суду паведаміў сведка Юрый Герасімовіч. У сакавіку 2013 года ён быў загадчыкам аддзялення пластычнай хірургіі "Экамедсэрвіса" і ўзначальваў службовую праверку, якую пачалі ў цэнтры адразу пасля няўдалай аперацыі над Юліяй Кубаравай.
Па словах Герасімовіча, якія перадае Радыё "Свабода", хірург Віктар Серабро і анэстэзіёлаг Аляксандр Шураў у сваіх тлумачэннях прызналі, што падчас аперацыі былі збоі ў працы апарата штучнай вантыляцыі лёгкіх. Але пра аперацыю яны паведамілі, што яна прыпынялася "толькі на некалькі хвілін". Паводле сведкі, у гісторыі хваробы Кубаравай, што перадалі разам з хворай у 4-ы шпіталь, увогуле не было звестак пра інцыдэнт падчас аперацыі.
Былога кіраўніка групы анэстэзіёлагаў "Экамедсэрвіса" Аляксандра Шурава вінавацяць у неаказанні медычнай дапамогі, што прывяло да смерці чалавека. Яму пагражае 5 гадоў турмы. Хірург Віктар Серабро ў справе фігуруе як сведка, хоць пацярпелы Юрый Кубараў настойвае, што яго таксама мусяць прыцягнуць да судовай адказнасці. У сакавіку 2013 года ў "Экамедсэрвісе" Серабро працаваў на палову стаўкі. Тады ён загадваў аддзяленнем у 4-м шпіталі.
Фота — bymedia.net