Літва падрыхтавала каля 40 заўвагаў да беларускай справаздачы па АЭС

А Польшча толькі нядаўна атрымала яе апошнюю частку і вынікі аналізу будуць гатовыя ў канцы месяца Папярэднюю афіцыйную справаздачу “Аб магчымым уздзеянні беларускай АЭС на навакольнае асяроддзе” атрымалі нашы суседзі — Польшча і Літва. Еўрарадыё вырашыла высветліць, якія “праблемныя месцы” ў дакуменце імі былі выяўленыя.

Літва засталася незадаволеная тэкстам справаздачы. Міністэрства навакольнага асяроддзя гэтай краіны не знайшло там адказаў на пытанні, якія найбольш хвалююць літоўскі бок. Таму былі падрыхтаваныя заўвагі для беларускіх уладаў. Іх атрымалася каля 40, кажа начальнік аддзела ацэнкі ўздзеяння на асяроддзе Віталіус Угліс.

Віталіус Угліс: “Нам усё яшчэ не хапае пэўнай інфармацыі ў справаздачы. Яна павінна быць дададзеная, каб зрабіць дакладаную ацэнку. Перадусім, гэта тычыцца пытанняў бяспекі, параўнання трох альтэрнатыўных пляцовак, геалагічных пытанняў, аналізу рызыкі, якім чынам радыёадыходы будуць захоўвацца, “паліва” для станцыі і іншыя рэчы. Таксама, уплыў на людзей, разам гэта амаль 40 пытанняў”.

Беларускі бок атрымае заўвагі ад літоўскіх калегаў да канца гэтага тыдня. Аднак сваю афіцыйную пазіцыю Літва агучыць толькі пасля грамадскіх слуханняў, якія пройдуць у гэтай краіне. Будаўніцтва АЭС у Астравецкім раёне літоўцаў не радуе. Трэба звярнуць больш увагі на іншыя пляцоўкі — Кукшынаўскую і Краснапалянскую (Магілёўская вобл.), лічаць у аддзеле ацэнкі ўздзеяння на асяроддзе.

Віталіус Угліс: “Што тычыцца Астравецкай пляцоўкі, то мы ведаем, што яе акружае адкрыты і прыгожы краявід. Вядома, будзе вельмі шкада, калі такі куток прыгажосці будзе разбураны і там пабудуюць станцыю. У нас таксама ёсць і іншыя сумненні, таму што гэта вельмі блізка да нашай мяжы і сталіцы. Да таго ж нас цікавіць, што будзе з Віліяй, якая цячэ праз астравецкую пляцоўку ў Літву”.

Справаздача, якую атрымала літоўскае Міністэрства навакольнага асяроддзя, складалася са 131-й старонкі рускамоўнага тэксту з частковым перакладам на ангельскую. Аднак, на думку літоўцаў, гэта вельмі мала. Падобны аналіз павінен быць прыкладна ў 6 разоў большы, адзначыў Віталіус Угліс. Паводле яго слоў, у справаздачы, якую рыхтавалі для новай літоўскай атамнай станцыі, больш за 750 старонак.

А вось для беларускага Мінпрыроды і справаздача ў 130 старонак стварыла пэўныя праблемы. Напрыклад, у Варшаву рапарт высылалі па частках (!), даведаліся мы ў Генеральнай дырэкцыі аховы навакольнага асяроддзя Польшчы.

Супрацоўніца Дырэкцыі:
“Дакументацыю нам дасылалі часткамі, таму мы прасілі працягнуць тэрмін дасылання нашых заўваг, каб грамадства мела час пазнаёміцца са справаздачай, а ў нас гэты час заканадаўча ўстаноўлены — 21 дзень”.

Праўда ў адрозненне ад Літвы, Польшча ўжо пазнаёміла сваіх грамадзян з тэкстам беларускай справаздачы. Як высветлілася, шараговых палякаў не вельмі цікавіць Астравецкая АЭС.

Супрацоўніца Дырэкцыі: “У рэгіянальных дырэкцыях я даведвалася, што удзел грамадскасці слабы, амаль няма заўваг. Некалькі было толькі ад экалагічных арганізацый, якія звычайна ўдзельнічаюць у такіх працэдурах”.

Аднак галоўнае слова ў гэтым пытанні — за польскім Дзяржаўным агенствам атамістыкі, якое скончыць аналіз у канцы месяца. Калі Агенства, а таксама літоўскі бок, знойдуць істотныя аргументы супраць Астравецкай АЭС, не выключана, што беларускія ўлады зменяць пляцоўку, сказалі Еўрарадыё у польскай Генеральнай дырэкцыі аховы навакольнага асяроддзя.


Глядзі таксама па тэме:

Як праходзілі грамадскія слуханні па ўздзеянні АЭС?


Самыя праблемныя месцы з афіцыйнай справаздачы аб уздзеянні беларускай АЭС


Фота — belarus.avtonom.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі