Ліянэль Месі стаў пяціразовым уладальнікам "Залатога мяча"
Нападаючы "Барселоны" і зборнай Аргенціны Ліянэль Месі стаў пяціразовым уладальнікам "Залатога мяча". Гэтая ўзнагарода лепшаму гульцу планеты прысуджаецца FIFA па выніках года. У галасаванні ўдзельнічаюць капітаны і галоўныя трэнеры каманд, журналісты. Месі прызнаны лепшым у 2015 годзе. Раней ён атрымліваў "Залаты мяч" у 2009-2012 гадах. Па выніках галасавання, Крышціяну Раналду, нападаючы мадрыдскага "Рэала" і зборнай Партугаліі (яго прызнавалі лепшым апошнія два гады), летась быў толькі другім.
Футбалісткай года прызналі Карлі Лойд з "Х'юстана" і зборнай Злучаных Штатаў. Трэнерамі года сталі Луіс Энрыке з "Барселоны" (мужчынская каманда) і Джыл Эліс са зборнай ЗША (жаночая каманда). У сімвалічную зборную па версіі FIFA ўвайшлі наступныя гульцы: Мануэль Ноер ("Баварыя"), Дані Алвес ("Барселона"), Серхіё Рамас ("Рэал"), Ціяга Сілва (ПСЖ), Марсела ("Рэал"), Андрэс Ін'еста ("Барселона"), Лука Модрыч ("Рэал"), Поль Погба ("Ювентус"), Неймар ("Барселона"), Ліянэль Месі ("Барселона"), Крышціяну Раналду ("Рэал").
Цырымонія ўручэння "Залатога мяча" FIFA прайшла 11 студзеня ў Цюрыху.
Фота: AFP, fifa.com