Лукашэнка чакае ад беларусаў дысцыпліны, беларусы ад уладаў ― рэформаў

Лукашэнка чакае ад беларусаў дысцыпліны, беларусы ад уладаў ― рэформаў

Падчас сустрэчы з дэпутатамі старога і новага парламентаў Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз кажа пра рэформы, і ў чарговы раз — у звыклым кантэксце клопату аб народзе, нават нягледзячы на меркаванне самога народа.

"Я назіраў за СМІ і заўважыў апытанне, што народ бачыць выхад у рэформах. Я гатовы да любых рэформаў. Да самых жорсткіх, больш жорсткіх, чым прапануе МВФ. Але ці гатовыя ды іх вы?" — кажа Аляксандр Лукашэнка дэпутатам.

Кіраўнік краіны спасылаецца на ток-шоў "Справа прынцыпу" тэлеканала АНТ. Там гледачам задалі пытанне “Што дапаможа палепшыць стан справаў у эканоміцы?" І нечакана 88% гледачоў (7,5 тысяч чалавек) ставяць на рэформы, 12% (каля 1 тысячы) абіраюць дысцыпліну. Тое, што так мала людзей на першае месца ставяць не дысцыпліну, а неабходнасць рэформ, закранула за жывое кіраўніка краіны, вядомага прыхільніка дысцыпліны.

Адразу па заканчэнні сустрэчы я вырашаю даведацца меркаванне народных абраннікаў на тую ж тэму: “Што нам дапаможа справіцца з сённяшнімі эканамічнымі праблемамі Ї рэформы ці дысцыпліна?”.

“Скажыце: што вы разумееце пад гэтым словам — рэформы? — пытаннем на пытанне адказвае дэпутат парламента Сяргей Канопліч.  — Гэта што — сёння ўсё зламаць і пачаць з нуля? Ці эвалюцыйны шлях наперад, удасканальванне асобных пытанняў і момантаў, якія ёсць у любым грамадстве? Вось, я думаю, і дысцыпліна, і эвалюцыйны шлях наперад дапамогуць нам пераадолець любыя праблемы”.

Калегу падтрымлівае дэпутат Валерый Барадзеня, з усмешкай параўноўваючы маё пытанне з пытаннем: што лепш — быць здаровым ці багатым?

Валерый Барадзеня: “Толькі калі мы будзем думаць і пра дысцыпліну, і пра рэформы і гэта рабіць разам, як гэта цяпер і прэзідэнт адзначыў, гэта прывядзе нас да нейкага поспеху”.

Не вылучаецца арыгінальнасцю ў гэтым сэнсе і член Савета Рэспублікі Сяргей Навіцкі — ён таксама цалкам згодны з кіраўніком краіны

“Дысцыпліна найперш — без дысцыпліны нічога не будзе. А дысцыпліна, падмацаваная паслядоўнымі, правільнымі, акуратна спланаванымі рэформамі — і будзе шчасце!”

Еўрарадыё пацікавілася пра рэформы ў шараговых беларусаў ля будынка парламента. Задаём два пытанні, і вось што ў выніку атрымліваем:

Што нам дапаможа пераадолець эканамічныя цяжкасці, рэформы ці дысцыпліна?

Пенсіянерка, 70 гадоў: “Мне здаецца, што ўсё ж такі патрэбная жорсткая палітыка, тады будзе вынік. Нельга расслабляцца, асабліва цяпер”.

Мужчына, 45 гадоў: “Дысцыпліны, я думаю, у нас і так дастаткова. Я ведаю, як людзі працуюць”.

Жанчына, 37 гадоў: “Нельга кідацца ў крайнасці. Вядома, што павінны быць і рэформы, аднак і людзі мусяць усведамляць сваю адказнасць перад сям’ёй, перад дзяржавай”.

Пенсіянер, 62 гады: “Дысцыпліна! Рэформы дзеля рэформаў — гэта не варыянт. Трэба мець канкрэтную мэту, каб распрацоўваць варыянты нейкіх рэформаў”.

Жанчына, 30 гадоў: “Я думаю, што ўсё ж такі рэформы. Патрэбныя і рэформы, і новыя тэхналогіі”.

Мужчына, 22 гады: “Хутчэй, эканамічныя рэформы. Мне здаецца, час штосьці змяніць”.

А ці гатовыя вы да рэформаў?

Пенсіянерка, 70 гадоў: “А куды нам падзецца? Трэба эканамічна развівацца — цяпер без гэтага нельга”.

Хлопец, 19 гадоў: “Калі яны падымуць заробкі, то, вядома, так! Цяпер людзі атрымліваюць ад трох да шасці мільёнаў (старымі, — Еўрарадыё). З чаго яны будуць плаціць?”

Жанчына, 30 гадоў: “Усё залежыць ад таго, пагоршаць рэформы сітуацыю ці палепшаць. Напэўна, яны ўсё ж такі палепшаць сітуацыю. Аднак трэба людзям растлумачыць, што магчымыя цяжкасці часовыя, а далей будзе лепш”.

Хлопец, 22 гады: “Так, я, хутчэй за ўсё, гатовы. Трэба зацягнуць паясы і трошкі пацярпець, затое будзе лепш”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі