Лукашэнка і Юшчанка абмяркуюць у Чарнігаве, як сябраваць без Расіі

Сустрэча стала магчымай таму, што бакі дамовіліся: Украіна, магчыма, выплаціць пазыку, якую яна не прызнае, пастаўкамі электраэнергіі. Пра гэта “Еўрарадыё” распавёў аналітык і аглядальнік Раман Якаўлеўскі, які спаслаўся на свае “пэўныя кіеўскія крыніцы”. Тыдзень таму ў Мінску быў намеснік міністра замежных справаў Украіны Канстанцін Елісееў, якога прымаў першы намеснік міністра замежных справаў Беларусі Ігар Петрышэнка. Гэтая сустрэча ніяк не афішавалася. Распавядае Раман Якаўлеўскі.

Якаўлеўскі: - Як паведамляюць пэўныя кіеўскія крыніцы, менавіта на гэтай сустрэчы была дасягнутая згода наконт сустрэчы прэзідэнтаў дзьвюх краінаў у Чарнігаве. На гэтай сустрэчы плануецца дасягнуць дамоўленасці наконт двух старых пытанняў: гэта пытанне аб ратыфікацыі беларускім парляментам дамовы аб дзяржаўнай мяжы паміж краінамі і пытанне г.зв. “украінскай запазычанасці”. Беларускі парламент ратыфікуе пагадненне, калі гэтая запазычанасць будзе прызнаная і выплачаная. Сустрэча стала магчымай таму, што бакі дамовіліся: Украіна, магчыма, выплаціць пазыку, якую яна не прызнае, пастаўкамі электраэнергіі.

Еўрарадыё: - Гэта адзіныя пытанні, якія будуць абмеркаваныя? Здаецца, нашыя прэзідэнты прыціснутыя да сцяны і апошнім часам падсяброўваюць супраць Расіі...

Якаўлеўскі: - Хацеў бы нагадаць, што амаль адразу з Чарнігава, Юшчанка едзе ў Баку, дзе 2-3 ліпеня павінен адбыцца саміт краінаў ГУАМ. Па некаторых звестках, было жаданне Юшчанкі запрасіць Лукашэнку на энергетычны саміт, які адбываўся ў мінулым месяцы. Але пасля падзеяў з амерыканскай дыпмісіяй і іншых неадназначных крокаў Мінску гэта стала немагчымым. А гэты саміт, я б нагадаў, кіруецца галоўнай мэтай – энергетычнай бяспекай ад Расеі. Дык вось увосень у Баку, у лістападзе, калі не памыляюся, адбудзецца другі саміт па энергабяспецы, дзе, я не выключаю, можа з’явіцца і Аляксандр Лукашэнка, у якога цесныя стасункі з Ільхамам Аліевым. Так што я не выключаю, што з украінскага боку можа быць у Чарнігаве пэўны зандаж, што да ўдзелу Беларусі ў газатранспартным транзіце, транзітных пытаньнях, што абмяркоўваюцца ў Кіеве і Баку.

Даведка “Еўрарадыё”:
Пагадненне аб дэмаркацыі межаў паміж Беларуссю і Украінай было падпісанае прэзідэнтамі Кучмам і Лукашэнкам яшчэ ў 1995 г. Запазычанасць у 120 млн. долараў Украіна дагэтуль не прызнавала. Пазыка адносіцца яшчэ да часоў СССР, калі прадпрыемствы-пастаўшчыкі і спажыўцы былі ў адзіным комплексе. І да сёння гаспадарчыя суб’ёты Беларусі і Украіны спрачаюцца, хто каму павінен.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі