Лукашэнка лічыць, што ў Беларусі трэба скасаваць ваенныя суды (відэа)
Такое меркаванне кіраўнік дзяржавы выказаў 19 лістапада на нарадзе, прысвечанай пытанням удасканалення дзейнасці судоў і органаў юстыцыі.
"Мы ствараем у дзяржаве нейкія асаблівыя структуры для людзей ў пагонах, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. — Такім чынам ствараючы, груба кажучы, дзяржаву ў дзяржаве. Суд ёсць суд, ён для ўсіх аднолькавы. Ну і што, што яны ў пагонах, яны такія ж грамадзяне".
Таксама Лукашэнка падкрэсліў, што прыклаў нямала высілкаў, каб аберагчы беларускіх суддзяў ад тэлефоннага права. "Усё павінна быць сумленна. Ніхто не можа даць указанне суддзі. Ніхто не можа ціснуць на суддзю. Усё павінна быць незалежна. Суддзя судзіць толькі па законе", — сказаў Лукашэнка.
З 1 студзеня 2014 года ў Беларусі павінна функцыянаваць новая сістэма судоў агульнай юрысдыкцыі. Такую задачу 19 лістапада паставіў Аляксандр Лукашэнка. Прапануецца ўтварыць адзіную сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі, у якую ўвойдуць агульныя і гаспадарчыя суды, а ўзначаліць гэтую сістэму Вярхоўны суд. Лукашэнка адзначыў, што прапануецца ўтварыць менавіта адзіную сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі на прынцыпова новай аснове.