Лукашэнка: Мы маем усё, каб даць адпор любому агрэсару
Беларусь мае ўсё, каб даць адпор любому агрэсару — такую заяву зрабіў Аляксандр Лукашэнка падчас свайго выступу 3 ліпеня на ваенным парадзе ў Мінску з нагоды Дня незалежнасці. У сваёй прамове кіраўнік краіны зрабіў акцэнт на абароннай тэматыцы.
Ён падкрэсліў важнасць павышэння боегатоўнасці для нашай краіны і растлумачыў гэта “нарастаннем глабальнай нестабільнасці”.
“Міжнародная бяспека разбураная. Шляхам мілітарызацыі пайшлі краіны Еўропы. Яны ўцягваюцца ў гонку ўзбраенняў і ваенныя прыгатаванні. Злучаныя Штаты Амерыкі разгортваюць тут, ля нашых межаў, сістэму супрацьракетнай абароны і ўдасканальваюць свій ядзерны патэнцыял”, — сказаў Лукашэнка.
Ён таксама заявіў, што адказам на гэтыя пагрозы стане сучаснае беларускае войска, якое цяпер мадэрнізуецца, навучанае і ўзброенае. Таксама ён адзначыў, што важны ўнёсак у павышэнне боегатоўнасці робіць абаронна-прамысловы комплекс.
“У краіне паспяхова развіваецца ўласнае ракетабудаванне. Можна назваць болей за сотню ўзораў беларускіх вырабаў ваеннага прызначэння, якія ўяўляюць сабой прынцыпова новую, інавацыйную прадукцыю”, — сказаў Лукашэнка.
Кіраўнік краіны дадаў, што “мы маем усё неабходнае, каб даць адпор любому агрэсару” і “разам з брацкай Расіяй мы абараняем межы Саюзнай дзяржавы, якую ствараем”.