Лукашэнка падпісаў антынаркатычны дэкрэт (відэа)

Аляксандр Лукашэнка падпісаў Дэкрэт №6 “Аб неадкладных захадах па супрацьдзеянню незаконнаму абарачэнню наркотыкаў”. Як паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу прэзідэнта, дэкрэт скіраваны на забяспячэнне абароны жыцця і здароўя беларускіх грамадзян, стварэнне ўмоваў для бяспечнага развіцця дзяцей і моладзі, спыненне распаўсюду наркаманіі.

Згодна з дакументам, прадугледжваецца максімальная актывізацыя намаганняў дзяржаўных органаў, установаў адукацыі і аховы здароўя, саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, добраахвотных дружын, грамадскіх аб’яднанняў ды іншых арганізацый.

Урад павінен зацвердзіць комплексны план мерапрыемстваў, які будзе ўтрымліваць эфектыўныя захады па супрацьдзеянні незаконнаму абарачэнню наркотыкаў, прафілактыцы іх спажывання і сацыяльнай рэабілітацыі асобаў, хворых на наркаманію.

Прадугледжаныя таксама дадатковыя паўнамоцтвы МУС па каардынацыі дзейнасці дзяржаўных органаў у сферы супрацьдзеяння наркабізнесу.

Згодна з дэкрэтам, узмацняецца крымінальная адказнасць за злачынствы ў гэтай сферы. У прыватнасці, павялічваецца максімальны  тэрмін пазбаўлення волі. За збыт наркотыкаў, здзейснены групай асобаў, або за збыт асабліва небяспечных рэчываў, або ў буйным памеры прадугледжваецца зняволенне тэрмінам ад 13 да 15 гадоў.

Збыт наркотыкаў заведама непаўнагадоваму караецца зняволеннем тэрмінам ад 8 да 15 гадоў. За дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў, здзейсненыя групай асобаў, прадугледжана ад 15 да 20 гадоў турмы, за выраб або перапрацоўку наркотыкаў у лабараторных умовах — з 8 да 20 гадоў.

Уводзіцца таксама крымінальная адказнасць да дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў, якія пацягнулі за сабой па неасцярожнасці смерць чалавека — турма тэрмінам ад 12 да 25 гадоў. Незаконнае перамяшчэнне наркатычных рэчываў праз мяжу пры адсутнасці кантрабанды — турма да 12 гадоў.

Спажыўцоў наркотыкаў таксама будуць прыцягваць не толькі да адміністрацыйнай, але і да крымінальнай адказнасці — з’яўленне ў грамадскім месцы, або на працы  ў стане наркатычнага ап’янення пацягне за сабой абмежаванне волі тэрмінам да 2 гадоў.

Дэкрэтам зніжаецца ўзрост крымінальная адказнасці да збыт і спажыванне наркотыкаў — з 16 да 14 гадоў.

Для асуджаных за злачынствы ў гэтай сферы будуць створаныя асобныя папраўчыя ўстановы. Для хворых на наркаманію дакумент прадпісвае стварэнне спецыяльных лячэбна-працоўных прафілакторыяў.

Узмацняюцца таксама захады адміністратыўнай адказнасці за правапарушэнні ў сферы незаконнага абарачэння наркотыкаў: напрыклад, істотна ўзрастуць штрафы для індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асобаў, якія не прынялі меры па недапушчэнні распаўсюду наркотыкаў на дыскатэках, у начных клубах і гульнявых установах. У гэтых выпадках штраф складзе ад 20 да 50 базавых велічыняў.

Дэкрэт дазваляе істотна пашыраць спіс забароненых рэчываў і спрашчае працэдуру аднясення да іх новых рэчываў, увоз якіх будзе забараняцца на тэрыторыю Беларусі. Таксама ўзмацніцца кантроль за распаўсюдам наркотыкаў у інтэрнэце.

Да 1 сакавіка будзе створаная Адзіная сістэма ўліку асобаў, якія спажываюць наркатычныя рэчывы.

Дэкрэт набывае моц з 1 студзеня 2015 года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі