Лукашэнка — пра беларускую мову: Гэта не я, пытанні — да Машэрава
Прафесар з ЗША ў сваёй кнізе прыводзіць размову з кіраўніком нашай дзяржавы пра родную мову.
Прафесар Рыгор Іофе з ЗША выдаў англамоўную кнігу пра Аляксандра Лукашэнку пад назвай "Пераацэньваючы Лукашэнку: Беларусь у культурным і геапалітычным кантэксце". Цяпер яе збіраюцца перавыдаць і ў Беларусі. Радыё Свабода цытуе інтэрв'ю з Лукашэнкам, змешчанае ў кнізе, у якім ідзе гаворка пра беларускую мову.
Іофе пацікавіўся стаўленнем Лукашэнкі да беларускай мовы. Ён нагадаў, што некаторыя аўтары сцвярджаюць: Аляксандр Лукашэнка не ўмее размаўляць па-беларуску, а калі гаворыць, дык ўжывае беларускія словы толькі ў негатыўным кантэксце.
Аляксандр Лукашэнка абурыўся на такія словы, першыя некалькі фразаў ён сказаў па-беларуску:
"Ну-у, я на бязглуздыя заявы і рэагаваць не хачу. Наогул, я не казаў, што на беларускай мове няма магчымасці штосьці казаць. Ніколі гэтага не гаварыў. Для мяне што чытаць кніжку на беларускай мове, што на рускай — гэта адно і тое ж.
Але праўда заключаецца ў тым, што некаторыя тэрміны немагчымыя на беларускай мове. Такое скажаш, што гэта будзе надуманае нешта. Гэта першае. Другое: я ніколі не прыніжаў беларускую мову. Пры Лукашэнку пры паступленнях у ВНУ цяпер пішуць больш на беларускай мове сачыненняў, чым на рускай. Разумееце?.. Я супраць таго, каб гэтую тэму наогул абмяркоўваць. Мова — гэта святое. І ў нас ёсць усё для таго, каб спакойна — калі трэба, 20 гадоў, каб паставіць беларускую мову ўпоравень з рускай. Усе астатнія пытанні — да Машэрава (кіраўніка савецкай Беларусі ў 1965-1980 гадах, які загінуў у аўтамабільнай катастрофе — Еўрарадыё)...
Гэта не я, разумееце? Не я. Я атрымаў такую краіну, дзе на рускай мове, а часам на нейкі трасянцы больш размаўлялі, чым на беларускай мове. А я беларускую мову вывучаў у школе. У інстытуце.
У мяне цешча выкладала беларускую мову ў школе, каб вы ведалі на ўсялякі выпадак, і я пазнаёміўся зь яе дачкой у 15 гадоў. І з 15-ці гадоў, акрамя школы, дык яшчэ на беларускай мове размаўлялі і з цешчай, і з жонкай, і гэтак далей. Таму гэта поўнае глупства.
Тое, што я часам ужываю словы, вось як вы сказалі, гэта я іх цытую. Яны так кажуць часта. Вось мы свядомыя! Не ведаю, як сказаць лепш — "дасведчаныя"? Мы самыя прасунутыя, разумееце? Мы самыя прасунутыя, мы самыя пісьменныя, асвечаныя ў гэтым плане і гэтак далей. Ну, мы іх абазвалі "свядомымі". Прыгожа гучыць на беларускай мове? Прыгожа".
.
Фота: ria.ru