Нагадаем асноўныя прызначэнні ва ўрадзе, акрамя прэм'ера: першым віцэ-прэм'ерам стаў Мікалай Снапкоў, віцэ-прэм'ерам Аляксандр Субоцін, міністрам інфармацыі — Ігар Луцкі, міністрам фінансаў — Юрый Селіверстаў, міністрам прамысловасці — Пётр Пархомчык, міністрам архітэктуры і будаўніцтва — Руслан Пархамовіч, міністрам жыллёва-камунальнай гаспадаркі — Андрэй Хмель. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што "нават тыя, хто не трапіць сёння ў новы ўрад, без працы не застануцца, яны не ворагі".
Аляксандр Лукашэнка заклікаў новапрызначаных членаў ураду актыўна брацца за працу, каб "ратаваць тое, што пабудавана". "Шчыра кажу і народу, і вам: з верталёта грошы раскідваць не будзем", — паўтарыў ён фразу, якая апошнім часам з яго вуснаў гучыць даволі часта. Па словах Лукашэнкі, "выратаваць краіну" можна "толькі дзякуючы сваёй дысцыпліне, сціснуўшы зубы, дзякуючы стрыманасці і накіраванню ўсяго народу на вырашэнне праблем".
Кіраўнік дзяржавы не мае вялікіх прэтэнзій да працы Румаса (ён быў прэм'ер-міністрам з лета 2018-га). Па словах Аляксандра Лукашэнкі, Сяргей Румас хоча "зарабіць грошы, немалыя грошы". "Не думаю, што Румас з'ездзе з краіны і звязе гэтыя грошы, ён іх укладзе ў эканоміку, — гаварыў Лукашэнка. — Але ўсё павінна быць сумленна і па законе".
Далей беларускі кіраўнік гаварыў пра Рамана Галоўчанку, "някепскага арганізатара". Ён адзначыў яго досвед працы ў розных сферах. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, у сельскай гаспадарцы ўжо разабраліся, "у якім накірунку рухацца". "У прамысловасці мы таксама ведаем, што рабіць, але канкурэнцыя шалёная па нашых таварах, — працягваў ён. — І ў прамысловасць нам трэба сур'ёзна ўнікаць і кантраляваць".
Лукашэнка хоча атрымаць ад новага прэм'ера "больш высокі тэхналагічны ўзровень" ва ўсіх сферах прамысловасці Беларусі, "дзе гэта магчыма".
"Але, самае галоўнае, — гэта надзейны чалавек, якому можна даверыць, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі яго прэс-служба. — Які разумее, ад зямлі". Лукашэнка падкрэсліў, што Галоўчанка — "надзейны чалавек, патрыёт сваёй краіны, нарадзіўся і вырас у Беларусі". А далей кіраўнік дзяржавы заявіў, што "аб'ездзіўшы ўвесь свет, ён не застаўся нідзе, ні ў адной краіне".
"Для нас вельмі важна цяпер, каб да ўлады прыйшлі патрыёты і прафесіяналы", — кажа беларускі кіраўнік. Але ж і раней ва ўрадзе былі прафесіяналы і патрыёты. Ці не так?