Лукашэнка: Прадпрыемствы павінны гнутка рэагаваць на выклікі і пагрозы
Кіраўнік краіны адзначае, што развіццё прамысловасці летась адбывалася ў складаных умовах.
Аляксандр Лукашэнка патрабуе выпрацаваць на кожным прадпрыемстве гнуткія захады рэагавання на выклікі і пагрозы. Пра гэта кіраўнік дзяржавы сёння заявіў на паседжанні аб актуальных пытаннях развіцця буйных машынабудаўнічых прадпрыемстваў, інфармуе БЕЛТА.
Па словах Лукашэнкі, развіццё беларускай прамысловасці адбывалася ў складаных знешнеэканамічных умовах і негатыўныя тэндэнцыі захоўваюцца. Гэта прыводзіць да скарачэння экспарту і вытворчасці, адбіваецца на фінансава-эканамічным стане прадпрыемстваў. Як адзначыў беларускі лідар, цяпер на першы план выходзяць пытанні якасці і сабекошту прадукцыі, эфектыўнасці кіравання і дыверсіфікацыі продажаў.
“Мы не аднойчы абмяркоўвалі гэтую праблему, і было прынятае прынцыповае рашэнне пра тое, што можа зрабіць дзяржава. Мы павінны шчыра і адкрыта сказаць: мы робім гэта або па нейкіх прычынах рабіць не будзем. На сённяшні дзень, як я разумею, урад выпрацаваў меры падтрымкі”, — заявіў Лукашэнка.
Ён таксама нагадаў, што ў 2013 годзе даручаў вышэйшым службовым асобам курыраваць прадпрыемствы, якія маюць складанасці з рэалізацыяй прадукцыі. Аднак гэты механізм у цяперашніх умовах не спрацоўвае, канстатаваў Лукашэнка.