Лукашэнка прапануе назваць перыяд Рэчы Паспалітай — польскай акупацыяй
6 студзеня ў Аляксандра Лукашэнкі праходзіць нарада, прысвечаная гістарычнай палітыцы, паведамляе БЕЛТА.
Падчас яе Лукашэнка прапанаваў выкарыстоўваць беларускую гісторыю ў ідэалагічным змаганні супраць сучасных Літвы і Польшчы. Гэтыя краіны актыўна падтрымалі беларускі дэмакратычны рух, што не падабаецца афіцыйнаму Мінску.
"Калі сёння літоўцы і палякі адмаўляюць уклад беларускага народа ў развіццё такіх гістарычных формаў дзяржаўнасці на нашай зямлі, як ВКЛ і Рэч Паспалітая, то што нам перашкаджае даць гэтым перыядам адэкватную ацэнку", — заявіў ён.
У прыватнасці, ён прапанаваў у падручніках па гісторыі, а таксама ў музейных экспазіцыях перыяд Рэчы Паспалітай назваць акупацыяй беларускай зямлі палякамі і этнацыдам.
"А што гэта было для нашых продкаў? Родная мова, культура, вера пад забаронай. Магнаты на сабак мянялі беларускіх сялян. Але народ выжыў і захаваў сваю самабытнасць", — перадае БЕЛТА словы Лукашэнкі.
Нагадаем, што Рэч Паспалітая была ўтвораная ў 1569 годзе добраахвотным злучэннем Вялікага Княства Літоўскага і Польскага каралеўства. Пры гэтым ВКЛ у складзе новай дзяржавы захавала шырокую аўтаномію.
Пазіцыя Лукашэнкі адлюстроўвае савецкую гістарычную канцэпцыю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.