Лукашэнка расказаў Пуціну пра сітуацыю ў Беларусі
Стала вядома, пра што 4 лістапада гадзіну размаўлялі па тэлефоне Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Як паведамляе тэлеграм-канал @pul_1, сярод тэмаў — сітуацыя з каранавірусам у Беларусі і Расіі. Лукашэнка прапанаваў арганізаваць вытворчасць вакцыны ў нашай краіне "з выкарыстаннем расійскіх тэхналогій і тэхналагічнага працэсу". Пуцін падтрымаў. Была абмеркавана сітуацыя ў ЗША, Польшчы, Літве і Украіне. Са Злучанымі Штатамі зразумела — прэзідэнцкія выбары. Што да іншых краін, то найхутчэй гаворка ішла ў кантэксце беларускіх пратэстаў. Афіцыйна ж заяўлена пра "актуальныя пытанні ўнутранай павесткі Расіі і Беларусі".
Таксама Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін абмеркавалі пастаўкі ў Беларусь расійскіх нафты і газу ў 2021 годзе і пачатак перамоў ("дамовіліся дзейнічаць аператыўна"). Лукашэнка заявіў, што Беларусь хацела б набыць радовішчы нафты ў Расіі. Пуцін нібыта не супраць.
Відаць, прэзідэнт Расіі падняў пытанне перанакіравання беларускіх грузаў з краін Балтыі ў расійскі порт Усць-Луга, пра што раней заяўляў Лукашэнка, але ўжо не згадвае гэты праект. Таксама былі пытанні "ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва" і Беларускай АЭС.
Хто каму патэлефанаваў, не ўдакладняецца.
Прэс-служба Пуціна падкрэслівае, што Лукашэнка "праінфармаваў" расійскага прэзідэнта "пра бягучую сітуацыю ў рэспубліцы", а таксама павіншаваў яго з "Днём народнага адзінства".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.