Лукашэнка саступае больш кантролю над Беларуссю Крамлю — Дзярждэпартамент ЗША

Дзярждэпартамэнт ЗША / Reuters
Дзярждэпартамэнт ЗША / Reuters

Аляксандр Лукашэнка саступае больш кантролю над Беларуссю Крамлю, прычым насуперак волі беларускага народа. Пра гэта заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Мэцью Мілер, каментуючы размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі.

"Гэта яшчэ адзін прыклад таго, як Лукашэнка робіць безадказны і правакацыйны выбар, саступаючы больш кантролю над Беларуссю Крамлю насуперак волі беларускага народа. А для Расіі гэта яшчэ адзін безадказны крок Крамля", — сказаў Мілер. У яго пыталі, хто будзе кантраляваць гэтую зброю. Расіяне раней сцвярджалі, што кантроль і права выкарыстоўваць застаецца за Масквой. Лукашэнка надоечы даў зразумець, што рашэнне будзе прымаць ён. "Не дай бог мне давядзецца прымаць рашэнне на прымяненне гэтай зброі ў сучасны час. Але ніякага вагання не будзе, калі толькі супраць нас будзе агрэсія", — сказаў ён.

Мілер адмовіўся гаварыць пра праблему кантролю. "Мы атрымліваем інфармацыю пра расійска-беларускае пагадненне і працягнем сачыць за развіццём і наступствамі", — сказаў прадстаўнік Дзярждэпу. Паводле яго слоў, у Вашынгтоне пакуль па-ранейшаму не бачаць прычын для карэкціроўкі ўласнай ядзернай палітыкі, а таксама якіх-небудзь прыкмет таго, што Расія рыхтуецца выкарыстаць ядзерную зброю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі