Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком Сбербанка Расіі (відэа)
Беларускі лідар адзначыў, што гэты банк “выканаў і перавыканаў” абавязанні па інвестыцыйным пагадненні з нашым урадам.
Беларусь і Сбербанк Расіі задаволеныя дасягнутым узроўнем супрацоўніцтва і гатовыя абмяркоўваць далейшыя крокі. Пра гэта заявілі кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка і старшыня праўлення Сбербанка Герман Грэф пад час сустрэчы ў Мінску.
Як адзначыў Лукашэнка, Сбербанк “выканаў і нават перавыканаў” усе ўзятыя на сябе абавязанні па інвестыцыйным пагадненні з беларускім урадам, узятыя на сябе пяць гадоў таму.
Актывы ААТ “БПС-Сбербанк” — даччынай структуры Сбербанка ў Беларусі — выраслі ў доларавай ацэнцы ў 2,5 раза, крэдыты — у 2,3 раза, капітал — у 1, 5 раза. Таксама Лукашэнка падзякаваў Грэфу за падтрымку рэалізацыі беларускай тэхнікі.
На сустрэчы абмяркоўвалі сярод іншага сітуацыю ў сусветнай эканоміцы, негатыўныя фактары для Беларусі і Расіі.
Герман Грэф падзякаваў беларускаму боку за падтрымку і створаныя ў краіне спрыяльныя ўмовы для развіцця бізнэсу. Паводле яго словаў, “няма ніякіх пытанняў, якія заставаліся б як камень на душы”. Таксама расійскі банкір прапанаваў намеціць новыя планы супрацоўніцтва, перадае БЕЛТА.