Лукашэнка — у Брэсце: "Саша 3%" ужо напісалі на майках! "Вусаты таракан"!
22 чэрвеня падчас наведвання Брэста Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі мясцовай апазіцыі, найперш з праціўнікамі пабудовы акумулятарнага завода каля горада і паабяцаў ім правесці рэферэндум наконт гэтага прадпрыемства. Таксама кіраўнік дзяржавы заявіў, што ён супраць абразаў. Высветлілася, што яму добра вядомы адзін з лозунгаў пратэстаў — "Стоп таракан!", а таксама тое, што ўся краіна распісана графіці пра 3% рэйтынгу.
"Вы супакойцеся, калі ў вас ёсць нейкія праблемы, вы іх раскажыце, — гаварыў Лукашэнка прысутным (відэа з'явілася ў тэлеграм-канале "Пул Першага"). — Паслухайце, акрамя мяне і той улады, якая сёння ёсць, іх ніхто не вырашыць. Гэта вы "Саша 3%" ужо напісалі на майках! Ну вы хоць верыце, што ў дзейнага прэзідэнта 3%?".
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што нават "у гэтай альтэрнатыўнай кампаніі", ён упэўнены, набярэ больш за 3%.
"Таму не трэба нас тузаць і ніколі не, абражайце, — працягваў беларускі кіраўнік. — "Вусаты таракан" і яшчэ нешта… Я пакуль яшчэ дзейны прэзідэнт! І ні ў адной краіне не дазволена абражаць людзей. Я ж нікога з вас не абразіў асабіста".
Таксама Лукашэнка расказаў актывістам пра "жуллё" і карупцыянераў, якім "у краіне рабіць няма чаго". Паводле яго слоў, пры ператрусе ў "Белгазпрамбанку" "знайшлі знайшлі флэшкі, жосткія дыскі і мора інфармацыі".
Напрыканцы сустрэчы Аляксандр Лукашэнка зрабіў агульнае фота з "апазіцыяй".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.