Лукашэнка ў Тураве папярэдзіў: Хтосьці... сядзе ў турму, а ўрад выганю!

Лукашэнка ў Тураве папярэдзіў: Хтосьці... сядзе ў турму, а ўрад выганю!

Аляксандр Лукашэнка загадаў усе малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы падзяліць на дзве групы: паспяховыя і адстаючыя. У пятніцу ў Жыткавіцкім раёне ён наведаў Тураўскі малочны камбінат. Як інфармуе БЕЛТА, “рэвалюцыйныя” змены будуць наступныя. Спачатку спецыялісты прааналізуюць усе малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы па трох крытэрыях: якія яны плацяць работнікам заробкі, па якім кошце набываюць сыравіну і якія ад іх ідуць пералічэнні ў бюджэт. Адстаючыя вытворчасці Лукашэнка прапанаваў альбо закрыць, альбо мадэрнізаваць. “Вось якая мусіць быць палітыка, а не тое, што мы трымаемся за гэтыя заводы, якія працуюць горш, дваццаць з лішкам гадоў найноўшай гісторыі”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Што да тых прадпрыемстваў, якія трапяць у спіс паспяховых, то яны найперш будуць атрымліваць сыравіну і больш, чым цяпер (мяркуецца, што такім чынам у бюджэт паступіць больш сродкаў). Тураўскі малочны камбінат якраз з’яўляецца дастаткова паспяховым прадпрыемствам. Падчас размовы з Лукашэнкам узнікла тэма з сыравінай. Высветлілася, што не заўсёды сюды накіроўваюць сыравіну з рэгіянальных гаспадарак. Паколькі камбінат нясе большую крэдытную нагрузку, ён плаціць падатак на прыбытак па меншым тарыфе. А мясцовым уладам выгадна, каб сыравіна ішла на вытворчасці, дзе больш высокая падатковая стаўка.

“Вы падлічыце і мне далажыце: калі хтосьці марнуе сыравіну на кепскіх перапрацоўчых прадпрыемствах, сядзе ў турму, а ўрад выганю”, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі