Лукашэнка: Усё, што можам, мы гатовыя рабіць для нашых братоў таджыкаў
Аляксандр Лукашэнка прыбыў з візітам у сталіцу Таджыкістана Душанбэ. Там ён прыме ўдзел у пасяджэнні Савета калектыўнай бяспекі АДКБ.
Падчас сустрэчы з кіраўніком Таджыкістана Эмамалі Рахмонам Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатовая дапамагаць гэтай краіне ў любую хвіліну.
Беларускі кіраўнік адзначыў вялікую працавітасць таджыкскага народа. Ён звярнуў увагу на тое, што тут, нягледзячы на складаныя ўмовы земляробства, атрымліваюць два ўраджаі хлеба і амаль падышлі да таго, каб забяспечваць свае патрэбы.
Ён дадаў, што закрытых тэмаў у беларуска-таджыкскіх адносінах няма. "Мы гатовыя супрацоўнічаць па ўсіх напрамках, і ўсё, што мы можам, мы заўсёды гатовыя рабіць для нашых братоў таджыкаў", — перадае БЕЛТА словы Лукашэнкі.
Ён адзначыў, што Таджыкістан прыкладае вялікія намаганні, каб арганізаваць бяспеку ў рэгіёне. Па словах беларускага кіраўніка, гэтыя праблемы будуць абмяркоўвацца на будучым пасяджэнні Савета калектыўнай бяспекі АДКБ.
Эмамалі Рахмон, у сваю чаргу, заявіў, што ў Таджыкістане са шчырымі пачуццямі, сімпатыяй ставяцца да беларускага народа.
Фота: БЕЛТА