Лукашэнка: Я прапаноўваў Захаду варыянт замірэння ва Украіне (відэа)
Пра гэта кіраўнік Беларусі заявіў у пятніцу на сустрэчы з лідарамі камуністычных партый Расіі і Украіны Генадзем Зюганавым і Пятром Сіманенкам.
"На жаль, мір ва Украіне нікому не патрэбны. Я ў свой час прапанаваў варыянт, і з ім Захад пагадзіўся — тыя, хто са мной размаўляў, што гэта нармальны варыянт. Але я ім сказаў: улічыце — гэта будзе для вас лакмусавай паперкай, і калі вы хочаце, каб ва Украіне быў мір, вы з гэтым планам пагодзіцеся. Тым больш ад іх не трэба было ніякіх выдаткаў", — перадае БЕЛТА словы Аляксандра Лукашэнкі.
Ён дадаў, што бліжэйшым часам плануцца сустрэчы з удзелам кіраўнікоў Беларусі, Расіі, Казахстана і, магчыма, Украіны.
"Хто б калісьці мог падумаць, што сярод трох дзяржаў, славянскіх, самых блізкіх і родных народаў можа паўстаць такая каша на поўдні нашай, не пабаюся гэтага слова, айчыны", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка дадаў, што для яго важна пачуць меркаванне не толькі Масквы, але і Кіева.
Фота — БЕЛТА