Лукашэнка звольніў Русага з пасады памочніка прэзідэнта па Магілёўскай вобласці
Аляксандр Лукашэнка вызваліў Міхаіла Русага ад пасады свайго памочніка па Магілёўскай вобласці. Адпаведны ўказ ён падпісаў 10 снежня.
Звальненне тлумачыцца пераходам Русага ў Савет Рэспублікі. Лукашэнка прызначыў туды разам з ім Сяргея Рачкова, Анатоля Ісачэнку і Наталлю Качанаву.
6 снежня на пасяджэнні першай сесіі Савета Рэспублікі сёмага склікання Міхаіла Русага абралі старшынёй Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні. 11 снежня Русы — ужо ў новай якасці — узяў удзел у сустрэчы міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея з кіраўніцтвам мінскай штаб-кватэры аграпрамысловай групы кампаній "Садружнасць".
За сваю кар'еру Русы паспеў пабыць і міністрам сельскай гаспадаркі, і віцэ-прэм'ерам. Увесну 2019 года ён пазбыўся пасады віцэ-прэм'ера пасля паездкі Лукашэнкі ў Магілёўскую вобласць. Тады кіраўнік дзяржавы быў незадаволены развіццём вобласці. Найбольшую вядомасць набыла яго выказванне пра "абасраных кароў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.