Былы старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька (на здымку знізу) ў каментары racyja.com пракаментаваў анансаваную ў Беларусі "перарэгістрацыю партый". "Мая парада — не гуляйце ў напарсткі з беларускім рэжымам, — кажа палітык. — На мой погляд зараз было б вельмі важна ім [беларускім апазіцыйным партыям] зрабіць заяву, што яны не будуць гуляць з нелегітымнай уладай у гэтыя напарсткі. Яны не будуць даваць ніякія "расстрэльныя спісы" гэтаму рэжыму, які не спыняе рэпрэсіі, якія канвеерам ідуць два гады".
Лябедзька кажа, што ў апазіцыйных партый ёсць мінімум 3 месяцы, каб выпрацаваць супольную пазіцыю, і кансультацыі ўнутры Беларусі ўжо адбываюцца.
У найбліжэйшы час у Беларусі пачнецца "зачыстка" палітычных партый — у пачатку лютага міністр юстыцыі Сяргей Хаменка анансаваў хуткі пачатак іх "перарэгістрацыі". Аляксандр Лукашэнка ўжо падпісаў адпаведны закон. Уводзіцца мінімальны парог для партый з адной да пяці тысяч чальцоў, абавязак мець структуры ва ўсіх абласцях і Мінску ды іншыя больш жорсткія нормы.
Дзясяткі актывістаў апазіцыйных партый знаходзяцца за кратамі ў Беларусі, сярод іх — старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, кіраўнік АГП Мікалай Казлоў. Яны прызнаныя палітвязнямі. Дзеячы апазіцыйных партый не выключаюць іх ліквідацыю. Мяркуецца, што "перарэгістрацыю" пройдуць толькі некалькі праўладных партый.
