“Ляпис Трубецкой” сабраў у Брэсце поўную залу
Гурт “Ляпис Трубецкой” у Брэсцкім Палацы культуры прафсаюзаў зрабіў аншлаг. Раскупілі ўсе наяўныя 600 месцаў.
Людзі прыходзілі на сярэдзіну канцэрта, пыталі квіток, але яго не было, хоць квіткі былі нятанныя, ад 40 тысячаў.
Брэст — гэта трэці горад еўрапейскага тура Ляпісаў з новым альбомам “Вясёлыя карцінкі”. “У Гродна прадалі тысячу квіткоў, — сказалі ў адміністрацыі гурта. — А ў Віцебску спадзяемся яшчэ больш, там зала на 4000 месцаў, і квіткі зрабілі таннейшымі”.
Пасля Віцебска будуць больш блізкія да Брэста Баранавічы (“бо меншыя гарады ў будні”). З 18 лютага гурт праедзе па 8 гарадах Украіны.
Прыём у Брэсце быў, адпаведна, ан-шлагавы. Асабліва запальвалі вершавыя і празаічныя інтэрлюдыі Сяргея Міхалка. Абыйшлося без надзвычайных здарэнняў. Пры гэтым на канцэрце прысутнічалі АМАПаўцы ў берэтах колеру на любы гурт, а ля будынку Палаца культуры прыгналі аўтазак — неад’емны атрыбут брэсцкіх канцэртаў.