Маці гімназіста, якога судзяць за напад на настаўніцу, дала першае інтэрв'ю
Маці Даната С., якога судзяць за напад з нажом на настаўніцу, дала першае інтэрв'ю прэсе — парталу tut.by. Закрыты працэс над ім пачаўся 13 лютага ў Мінскім гарадскім судзе.
Маці распавяла, што ў розных вучняў былі канфлікты з пацярпелай настаўніцай. "Кожны год на бацькоўскім сходзе ўздымалі гэтую тэму, прасілі змяніць настаўніка рускай мовы і літаратуры", — дадала яна. Па яе словах, у 10-м класе настаўніца рускай мовы і літаратуры мусіла змяніцца. Калі з'явіліся чуткі, што яна возьме адзін з 10-х класаў, Данат меркаваў перавесціся ў іншую паралель. За тыдзень да здарэння настаўніца прасіла маці Даната падысці, але тая не змагла адпрасіцца з працы.
Таксама жанчына распавяла, што за дзевяць месяцаў, пакуль сын знаходзіцца за кратамі, яна не змагла яго пабачыць. Допыты Даната адбываліся ў прысутнасці яго бацькі як законнага прадстаўніка. Маці ж у спатканні адмовілі.
Сам Данат актыўна перапісваецца: дасылае лісты не толькі маці, але і аднакласнікам. "Піша, якія кнігі прачытаў, якія хлопцы ў камеры, даслаў малюнак, на якім ваўчыца аблізвае сваё ваўчаня", — распавяла жанчына.
Па словах маці, у дзень трагедыі нічога не прадвяшчала бяды: "Раніцай 23 траўня я падвезла сына да школы, дамовіліся потым сустрэцца ў мяне на працы. Мне цяжка ўявіць, што сын мог нанесці 17 удараў нажом. Ён нават на трэніроўцы не мог праявіць агрэсію, менавіта з-за гэтага трэнер па джыў-джыцу не ставіў яго на спаборніцтвах.
Таксама яна паведаміла, што нажа, які стаў прыладай злачынства, не знайшлі: "Знайшлі кавалак ляза ад сталовага нажа, адправілі на экспертызу, а там няма ні адбіткаў пальцаў, ні слядоў крыві. Прылада злачынства дагэтуль невядомая, а сын нічога не кажа".
Па словах маці гімназіста, настаўніца пагражае бацькам вялікім грашовым пазовам. Яна, нібыта, незадаволеная, як здарэнне асвятлялася ў прэсе, і кажа, што бацькі шмат нагаварылі журналістам. Між тым, бацькі на кантакт з журналістамі да апошняга моманту не ішлі.