Маці прадала дачку, бо не было, за што выпіць?
Еўрарадыё знайшло Таццяну Шупеню, якую падазраюць у продажы ўласнай дачкі расіянам за 200 долараў.(Фота)
Інфармацыя пра продаж дзіця шакіравала грамадства.
“Гора-маці прадала расіянцы сваю дачку 1995 года нараджэння ў перыяд з 2001 па 2003 год, аднак устаноўлены гэты факт толькі зараз, — паведамляе БелТА. — Жыхарка Смальянаў Аршанскай вобласці прадала сваю дачку за 200 долараў”.
Той самай гора-матуляй са Смальянаў апынулася 35-гадовая Таццяна Шупеня. Еўрарадыё змагло паразмаўляць з жанчынай адразу пасля таго, як яе выпусцілі з аршанскага СІЗА. Таццяна расказала, што дачку ў 2001 годзе яна не прадала, а аддала расіянцы на выхаванне. Дачку завуць Аліна, сёння ёй 14 гадоў.
Таццяна Шупеня: “Проста мне жыць не было дзе, я проста аддала ў добрыя рукі сваю малую, каб яна выхавала яе. Зараз ёй 14 гадоў, ужо дарослая дзяўчынка”.
Таццяна Шупеня патлумачыла, чаму пра дачку праваахоўныя органы даведаліся толькі зараз. Аказваецца, жанчына вырашыла памяняць пашпарт. Калі ў яе спыталіся пра дачку, яна і выклала інфармацыю пра тое, што аддала яе на выхаванне. Крымінальная справа паводле артыкулу “Гандаль людзьмі” была распачатая на наступны дзень. Таццяне пагражае да 10 гадоў зняволення. Днямі яна паставіла подпіс пад падпіскай аб нявыездзе.
Пытаемся ў Таццяны, ці ведала яна жанчыну, якой аддавала родную дачку.
Таццяна Шупеня: “Так, ведала трохі. Жанчына вельмі добрая, станоўчая. У яе проста сваіх дзяцей не было. Яна працуе, у яе там фірма, як яна казала, машына свая”.
Пытаемся, адкуль узялася інфармацыя пра тое, што яна прадала дачку за 200 долараў. Таццяна на гэта кажа, што яе прымусілі падпісаць “нейкія паперы”.
Таццяна Шупеня: “Сказалі, калі не падпішаш, у лес вывезуць, дагары нагамі падвесяць. Яны казалі, што яе, можа, у прастытуткі аддалі, а, можа, на якія органы. Там розную лухту гналі: “А, можа, ты яе закапала”. Жах. Я ім патлумачыла, што мне самой цяжка было, што ў мяне няма сваёй хаты, сястра памерла, больш у мяне нікога няма. Я сіратой расла, начавала з дачкой, дзе прыйдзецца”.
Сёння Таццяна працягвае жыць у Смальянах з грамадзянскім мужам. Нідзе не працуе, а, згодна са словамі мясцовых жыхароў, любіць выпіць. У Смальянах ходзяць чуткі, што Таццяна прадала дачку з-за п’янства — не было, за што выпіць.
У пракуратуры Віцебскай вобласці, што кантралюе следства, інфармацыю пра 200 долараў, за якія Таццяна прадала дачку, нам не пацвердзілі.
Пракуратура Віцебскай вобласці: “Справу расследуе міліцыя, такая інфармацыя ў іх справе ёсць, але яе трэба праверыць. Можна ж падарыць, згубіць дзіця, забіць і гэтак далей. Пакуль ёсць такая інфармацыя, што прадала, а далей усё ўстановіць расследаванне. Дзіця ж пакуль няма”.