Маці затрыманай Уладлены Функ не дазволілі спаткацца з дачкой

Маці Ўладлены Функ (Брусковай) не дазволілі спаткацца з дачкой, якая ўжо больш за чацвёра сутак знаходзіцца ў гомельскім ізалятары часавага ўтрымання (ІЧУ) пасля выхаду з папраўчай калоніі.
15 сакавіка Валянціна Брускова з дачкой Алінай прыехала ў Беларусь з Вялікага Ноўгарада (Расія), каб дамагчыся вызвалення Ўладлены. Зранку 16 сакавіка яны з адвакатам Змітром Гарачкам наведалі амбасаду Расіі ў Мінску. У дыппрадстаўніцтве ім заявілі, што 13 сакавіка амбасадар Аляксандр Сурыкаў звязваўся з міністрам унутраных спраў Беларусі Ўладзімірам Навумавым і прасіў паскорыць працэс высылкі грамадзянкі Расіі Функ. У МУС абяцалі паспрыяць.

Сёння ж Брусковы з адвакатам наведалі Гомель. Сваячкам забаранілі сустрэчу з затрыманай, аднак Гарачка змог наведаць яе: 31-гадовая жанчына знаходзіцца ў трансе пасля таго, як даведалася, што тэрмін яе высылкі ў Расію ўсё яшчэ не вызначаны.

Па словах Гарачкі, Функ трымаюць у дрэнных умовах. У камеры няма ложка, коўдры, пасцельнай бялізны і гарачай вады, разетак. У гомельскім упраўленні па грамадзянстве і міграцыі адвакату паабяцалі, што заўтра абвесцяць тэрмін высылкі Функ.

Нагадаем, што Функ, сакратарка амерыканскага юрыста Эмануіла Зэльцэра, была затрыманая ў Мінску 12 сакавіка 2008 гады. 11 жніўня суд прызнаў яе вінаватай у саўдзеле ў замаху на камерцыйны шпіянаж і прысудзіў да года пазбаўлення волі.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі