"Магчымасці ці жадання падрамаць гадзінку падчас перамоў ні ў каго не было"

Цалкам размову можна паслухаць:

Еўрарадыё: Вы былі ў тым пакоі, дзе лідары чатырох краін вялі перамовы па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне – чаму ўсё так зацягнулася, ажно на 16 гадзін?

Аляксей Макееў: Працэс быў такім доўгім найперш таму, што кіраўнікі дзяржаў абмеркавала 13 пунктаў дакумента, з якіх практычна кожны быў прадметам узгадненняў з розных пазіцый украінскага, французскага, нямецкага бакоў і Расійскай Федэрацыі. Ішоў вельмі складаны пошук кампрамісных рашэнняў. І па кожнаму з пунктаў праходзілі перамовы – дастаткова працяглыя. Вось, таму і спатрэбілася так шмат часу. Ну, і канешне ж, усё тлумачылася тым, што пазіцыі разыходзіліся практычна дыяметральна.

                                          Аляксей Макееў

Еўрарадыё: Я ўдакладню: пазіцыі украінскага, французскага і нямецкага бакоў супадалі і іх сумесная пазіцыя мела дыяметральнае разыходжанне з пазіцыяй адной Расійскай Федэрацыі?

Аляксей Макееў: Вы правільна ўсё разумееце – менавіта так і атрымалася.

Еўрарадыё: На наступны дзень пасля перамоў прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што Расія не можа выконваць “мінскія дамоўленасці”, бо не з’яўляецца бокам канфлікту. А як Пуцін паводзіў сябе падчас перамоў – гэтак жа рабіў выгляд, што Расія не з’яўляецца бокам канфлікту і ставіў сябе на пазіцыі вонкавага назіральніка?

Аляксей Макееў: Які вонкавы назіральнік Расійская Федэрацыя, калі прэзідэнт Расійскай Федэрацыі падпісаў разам з прэзідэнтамі Украіны і Францыі да канцлерам Нямеччыны Дэкларацыю ў падтрымку комплексу мер па выкананні “мінскіх пагадненняў”? Як тут можна казаць, што Расійская Федэрацыя ні пры чым, калі яе прэзідэнт у Дэкларацыі сумеснай падтрымаў гэты комплекс мер? Мы чакаем ад Расійскай Федэрацыі, што яны будуць аказваць палітычную і практычную падтрымку ўсяго таго, пад чым паставілі подпісы прадстаўнікі Расійскай Федэрацыі. Так звычайна адбываецца ў сістэме міжнароднага права. Узятыя абавязацельствы павінны выконвацца бакамі.

Еўрарадыё: Зараз эксперты і аналітыкі звяртаюць увагу на тое, што падпісаны дакумент не ўтрымлівае шмат важных аспектаў. Да прыкладу, так і не быў прызнаны і агучаны факт прысутнасці на Данбасе расійскіх войскаў. Іларыёнаў пералічвае ў сваім аналізе ўсе, так бы мовіць, недахопы падпісанай Дэкларацыі. І робіць выснову, што, маўляў, больш за ўсіх у выніку выйграў Пуцін. Чаму так атрымалася?

Аляксей Макееў: Я думаю, што тут размова не павінна ісці пра тое, хто выйграў ад гэтых перамоў. І нават не так ужо і важны вынік гэтых перамоў. а важна тое, што з Мінска была прывезеная магчымасць устанавіць мір і спынення агню. І мы вельмі спадзяемся на тое, што ў 00.00 гадзін у нядзелю ва Украіне спыніцца агонь. І тады ад гэтага спынення агню, ад наступнага вывядзення тэхнікі, ад вывядзення ўзброеных сіл з тэрыторыі Украіны выйграюць людзі, выйграе народ Украіны. І выйграе Еўропа – калі спыніцца кровапраліцце фактычна ў цэнтры Еўропы.

Еўрарадыё: У той жа час мы бачым, што ў гэтыя дні паміж перамовамі ў Мінску і часам, калі павінен быць спынены агонь, ідуць масіраваныя атакі войск сепаратыстаў на пазіцыі ўкраінскай арміі, у Мінабароне Украіны заявілі, што чакаюць атакі на Марыупаль… Чаму было не прапісаць ў Дэкларацыі патрабаванне аб спыненні агню ад моманту заканчэння перамоў?

Аляксей Макееў: Украінскі бок быў зацікаўлены ва ўсталяванні “рэжыму цішыні” непасрэдна адразу пасля перамоў. і як вы ведаеце, украінскі бок прытрымліваецца тых пагадненняў аб спыненні агню, якія былі ў мінулым і пазамінулым пагадненні (прынятых на перамовах Кантактнай групы па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне – Еўрарадыё). На жаль, тэрарысты, якіх падтрымлівае расійскі бок, гэтага рэжыму не прытрымліваюцца. Мы вельмі спадзяемся, што ў нядзелю ўсё ж перастануць страляць. Выбачайце, я не магу больш размаўляць…

Еўрарадыё: Апошняе: ці сапраўды перамовы ішлі ўсе гэтыя 16 гадзін і лідары краін на разыходзіліся хаця б на гадзіну, каб крыху паспаць ды адпачыць?

Аляксей Макееў: Не, ніякай магчымасці і, больш за тое, жадання падрамаць хаця б гадзінку ні ў каго не было. Лідары Украіны, Нямеччыны, Францыі і Расіі працавалі фактычна ўсе 16-17 гадзін. І гэтак жа працавалі ўсе дыпламатычныя каманды. Гэта было дастаткова ўнікальная для гісторыі дыпламатыі падзея і мы вельмі спадзяемся, што ўсе гэтыя намаганні былі прыкладзеныя не дарэмна. 

Фота: Змитра Лукашука,  focus.ua , відэа: Еспресо.TV, http://www.5.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі