МАК расследуе заявы беларускіх спартоўцаў, якія пацярпелі за сваю пазіцыю
Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) расследуе заявы беларускіх спартоўцаў, якіх пераследуюць за іх палітычныя погляды. Пра гэта заявіў прэзідэнт МАК Томас Бах.
Па яго словах, МАК разгледзіць пытанне пра спартовыя стыпендыі ды іншыя фонды, накіраваныя ў Беларусь, і пра тое, ці дасягнулі яны тых асоб, якім былі прызначаныя.
Таксама Бах паведаміў, што 26 верасня МАК даслаў ліст прэзідэнту Нацыянальнага алімпіяйскага камітэта (НАК) Беларусі. Як вядома, гэтую пасаду займае Аляксандр Лукашэнка. У сваім лісце МАК прасіў пацвердзіць, што беларускія спартоўцы змогуць працягнуць падрыхтоўку да гульняў 2020 і 2022 года незалежна ад іх поглядаў. Па словах Баха, у адказе з Беларусі гаварылася, што выбар спартоўцаў для ўдзелу ў Алімпядах будзе грунтавацца толькі на паказаных імі выніках.
Але спартоўцы, як адзначыў Бах, кажуць пра дыскрымінацыю з боку Нацыянальнага алімпійскага камітэта па палітычных прычынах. "Выканаўчы савет вырашыў, што мы ўзмоцнім наша расследаванне, каб вызначыць, ці выканаў НАК абавязальніцтвы ў адпаведнасці з алімпійскай Хартыяй", — падкрэсліў ён.
5 кастрычніка Свабоднае аб'яднанне спартоўцаў Беларусі даслала ліст у МАК. У ім расказвалася пра спартоўцаў, якія пацярпелі за сваю грамадзянскую пазіцыю. Згадваліся 22 выпадкі, калі за сваю пазіцыю пацярпелі спартоўцы, трэнеры і функцыянеры.
А 6 кастрычніка з нацыянальнай зборнай па фрыстайле звольнілі Аляксандру Раманоўскую, якая выступала з асуджэннем сілавікоў і патрабаваннем новых прэзідэнцкіх выбараў. Фармальна яе абвінавацілі ў прагулах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.