Макей і Вашчыкоўскі не дамовіліся пра акрэдытацыю "Белсата"

Макей і Вашчыкоўскі не дамовіліся пра акрэдытацыю "Белсата"

Міністры замежных спраў Беларусі і Польшчы Уладзімір Макей і Вітальд Вашчыкоўскі не змаглі дамовіцца наконт акрэдытацыі тэлеканала "Белсат". Пра гэта польскі міністр паведаміў пасля перамоваў з Макеем.

Кіраўнік польскай дыпламатыі правёў перамовы з беларускім калегам у дзвюх частках. Пытанне "Белсата", які вяшчае з тэрыторыі Польшчы, абмяркоўвалася ў другой частцы перамоваў. Каментуючы вынік перамоваў, Вашчыкоўскі заявіў: "Мы гаварылі сёння пра дэмакратызацыю і пра тое, што СМІ павінны служыць свабодзе, а не выкарыстоўвацца ў інтарэсах палітыкаў".

Ужо сыходзячы ад журналістаў, на ўдакладняючае пытанне tut.by, ці атрымалася дасягнуць дамоўленасці наконт "Белсату", польскі міністр адказаў сцісла: "Не".

Таксама без аптымізму Вашчыкоўскі пракаментаваў сітуацыю з польскай меншасцю ў Беларусі. Па яго словах, не варта мець у гэтым пытанні "непатрэбныя спадзяванні".

Тэлеканал "Белсат" вяшчае з 2007 года праз спадарожнік на тэрыторыю Беларусі. Тэлеканал тройчы спрабаваў атрымаць акрэдытацыю пры МЗС, але заўжды атрымоўваў адмову. Чацвёртую спробу рэгістрацыі тэлеканал зрабіў акурат 21 сакавіка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі