Максіма Знака этапавалі ў Віцебскую калонію
Максім Знак / Еўрарадыё
Юрыст штаба Віктара Бабарыкі Максім Знак этапаваны ў Віцебскую калонію. Цяпер ён на каранціне, паведаміў у Facebook ягоны бацька Аляксандр.
"Даехаў", — напісаў Аляксандр Знак. І дадаў, што цяпер яго сыну можна пісаць па адрасе 211322, Віцебская вобласць, Віцебскі раён, пасёлак Віцьба, ВК-3 (каранцін).
У адным са сваіх апошніх лістоў Максім Знак расказваў, з якой цяжкасцю расставаўся з лістамі, якія атрымліваў у СІЗА. Ён вымушаны быў пакінуць дзве вялікія сумкі з карэспандэнцыяй — "у адной з іх я змясціўся б цалкам, а ў другой — напалову". Але галоўнае, са шкадаваннем адзначае Максім, ён разумее, што весці такую актыўную перапіску больш не зможа.
"Так што я прыдумаў. Лісты я буду або высылаць назад (паштоўкі або напісаныя ад рукі без пазнакі), а адказваць буду кучна ў першую чаргу на тыя, дзе ёсць пытанні і дзе ўзнікла шмат думак пры чытанні", — адзначыў ён.
У сувязі з гэтым Максім Знак папрасіў усіх, хто яму піша, пра некалькі момантаў. Па магчымасці адпраўляць друкаваныя лісты — "так я разумею, што ёсць копія, можна не слаць назад", ці рабіць пазнаку, што ёсць копія ліста. Яшчэ ён вельмі прасіў устрымацца ад малюнкаў і паштовак, "таму што іх будзе шкада", альбо ўкладваць разам з імі падпісаны канверт з маркай, каб малюнкі можна было на час вярнуць аўтару.
"Я дакладна ведаю: ніводнай паштоўкі, адкапіраванага ці проста прыгожага ліста я па сваёй волі знішчаць не захачу, а буду спрабаваць іх "вызваліць" зваротнай высылкай, а гэта дадатковая нагрузка на службы. Але мы абавязкова з усім гэтым вось справімся! Трымайцеся!" — напісаў ён.
Максіма Знака ў верасні 2021 года асудзілі на 10 гадоў зняволення. Яго абвінавачвалі па трох артыкулах. Гэта "змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады" (ч. 1 арт. 357), "заклікі да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы краіны" (ч. 3 арт. 361), "стварэнне экстрэмісцкага фарміравання" (ч. 1 арт. 361-1). Абарона спрабавала абскардзіць прысуд, але беспаспяхова. Праваабаронцы прызналі Максіма Знака палітвязнем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.