Маладзёжнага актывіста Аляксандра Баразенку адправілі за краты

У панядзелак ў СІЗА на Валадарскага быў змешчаны маладзёжны актывіст Аляксандр Баразенка. Хлопец праходзіць па крымінальнай справе за мітынг прадпрымальнікаў 10 студзеня.
Нагадаем, што тая справа атрымала неафіцыйную назву "Працэс чатырнаццаці". Аднак на лаве падсудных аказалася толькі трынаццаць чалавек. Студэнт універсітэта Ўроцлава Аляксандр Баразенка прыняў рашэнне застацца ў Польшчы і не прыязджаць на працэс. Фігуранты той справы атрымалі розныя тэрміны абмежавання волі без накіравання адбываць пакаранне, а таксама штрафы.

Большасць з іх жыве сёння фактычна ва ўмовах хатняга арышту. Некаторыя, як Тацяна Цішкевіч, Аляксей Бондар, Арцём Дубскі, прынялі рашэнне з'ехаць з краіны. Паводле інфармацыі “Нашай нівы” Аляксандр Баразенка пэўны час знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі. З'ехаць назад на вучобу не было магчымасці, бо ў Расіі хлопца, нібыта, нават здымалі з цягніка.

27 кастрычніка Аляксандр Баразенка добраахвотна разам са сваім адвакатам Паўлам Сапелкам з'явіліся да следчага. Там актывісту і была прадстаўлена пастанова аб арышце, якая была выпісана яшчэ ў траўні.

У размове з Еўрарадыё Павел Сапелка адзначыў, што арышт Баразенкі не быў нечаканасцю. Ужо заўтра адвакат накіруе просьбу аб змене меры ўтрымання да суда.

“Хадайніцтва будзе разглядаць пракурор горада, таму што ён даў санкцыю на арышт. Гэта будзе не скарга, а просьба, паколькі няма фармальных падстаў для таго, каб лічыць яго арышт незаконным”.

На думку адваката, суд адбудзецца не пазней чым праз месяц-паўтара, а Аляксандр Баразенка, хутчэй за ўсё, будзе асуджаны, як і астатнія фігуранты справы, або да штрафу, або да абмежавання волі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі