Медыя: Біл Гейтс мог ахвяраваць на кампанію Харыс 50 мільёнаў долараў
Біл Гейтс
Біл Гейтс мог ахвяраваць на перадвыбарчую кампанію Камалы Харыс 50 мільёнаў долараў. Пра гэта піша The New York Times са спасылкай на сваю крыніцу.
Са словаў суразмоўцы выдання, унёсак мусіў заставацца ў таямніцы, бо публічна мільярдэр і сузаснавальнік Microsoft не падтрымаў ніводнага з кандыдатаў у прэзідэнты ЗША. У той жа час сцвярджаецца, што Гейтс вельмі занепакоены, якім можа быць другое прэзідэнцтва рэспубліканца Дональда Трампа. Ён пераймаецца, што пры Трампе краіну чакае скарачэнне праграм планавання сям'і і глабальнай аховы здароўя.
У той жа час Гейтс кажа, што гатовы супрацоўнічаць з абаімі кандыдатамі.
"Я падтрымліваю кандыдатаў, якія дэманструюць выразную прыхільнасць да паляпшэння аховы здароўя, зніжэння ўзроўню беднасці і барацьбы са змяненнем клімату ў ЗША і ва ўсім свеце. У мяне доўгая гісторыя супрацоўніцтва з лідарамі розных палітычных сіл, але гэтыя выбары адрозніваюцца ад іншых, яны маюць беспрэцэдэнтнае значэнне для амерыканцаў і найбольш уразлівых пластоў насельніцтва ва ўсім свеце", — заявіў мільярдэр.
Раней стала вядома, што заснавальнік кампаній Tesla і SpaceX Ілан Маск ахвяраваў 75 мільёнаў долараў на кампанію Трампа.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.