Міхей Насарогаў дзеліцца кліпам на новую песню (відэа)
“Гав! Гав!” здымалі маскоўскія сябры выканаўцы, якія раней ужо працавалі над відэа “Вясна” RockerJoker.
На канале youtube Міхея Насарогава з'явіўся кліп на песню “Гав! Гав!” з новага, яшчэ нявыдадзенага альбома “Красивый”.
“Я рад ужо толькі таму, што, калі абстрагавацца ад тэксту, то гучанне і карцінка прадстаўляюць сабой адно цэлае, то бок, мяне нішто не перадзёргвае, — дзеліцца ўражаннямі Міхей. — Прытым, што я перфекцыяніст, я крайне задаволены, што ў маім багажы будзе такое цудоўнае відэа. Я задаволены на тысячу адсоткаў, бо не чакаў, што будзе такі канчатковы вынік, што ён настолькі трапіць у кропку!”
Праца над відэа вялася ў Маскве амаль без удзелу самога Міхея. Рэжысёрам і аўтарам ідэі выступіла Галіна Шулепава, якая ўжо здымала відэа на песню RockerJoker “Вясна”.
“Увесь матэрыял быў гатовы яшчэ ў чэрвені, змантаваны, зробленая графіка, — тлумачыць затрымку з прэзентацыяй Галіна. — Але я не была ўпэўненая, што мне падабаецца такі змрачнаваты падыход да колераў. Бо першапачаткова я здымала вельмі яскравы і прыгожы ў колерах кліп. Думала, будзе нешта падобнае на таранцінаўскіх “Шалёных сабак”. Але, як і заўжды, атрымалася не тое, што планавалася”.
Тым не менш, усе ўдзельнікі здымак задаволеныя вынікамі. Больш за тое: ужо цяпер вядзецца праца над наступным ролікам на яшчэ адну новую песню Міхея. Праўда, яе назва ды сюжэт трымаюцца ў сакрэце. Вядома толькі, што па тэрмінах здымкі зацягнуцца не менш чым на паўгода.