Міхневіч і Харанэка пабраліся шлюбам

Еўрарадыё стала вядома, што 17 сакавіка быў зарэгістраваны шлюб паміж чэмпіёнамі свету па штурханні ядра Андрэем Міхневічам і Наталляй Харанэка. Пра вяселле нам распавяла маці Наталлі, з якой мы звязаліся, датэлефанаваўшыся ў гарадскі пасёлак Высокае, Віцебскай вобласці. Па словах Тамары Іванаўны Харанэка, вяселле прайшло ў адным з мінскіх рэстаранаў і было вельмі прыгожым.

Сведкай з боку Наталлі была спартоўка Марына Малашчынская, якая з’яўляецца добрай сяброўкай нявесты ўжо на працягу 10 год. На ўрачыстасці прысутнічалі блізкія і родныя маладых.

Як распавяла нам Тамара Іванаўна, раман маладых доўжыцца ўжо больш за 2 гады.

Журналісты таксама заўважылі, што Андрэй і Наталля сустракаюцца не толькі падчас трэніровак і не раз спрабавалі даведацца ў Наталлі, калі ж нарэшце адбудзецца вяселле. Але тая ўсё перакідвала на мужныя плечы Андрэя.

У сваіх інтэрв’ю яна казала, што гатовая да афіцыйнага афармлення адносінаў і ўсё залежыць ад Міхневіча.

Закахаўшыся ў Наталлю, Андрэй пачаў эксперыментаваць над сваім іміджам. Ён паспеў нават пабыць бландынам са стылёвай белай бародкай.

Дарэчы, менавіта у разгар love-story у сакавіку 2006 году Наталля атрымала свой тытул сусветнай чэмпіёнкі, а Андрэй на тых жа спаборніцтвах атрымаў срэбра.

У хуткім часе ў маладой сям’і Міхневічаў чакаецца папаўненне. Зараз спартоўка цяжарная, нараджэнне дзіцяці прыпадзе на лета. Маці Наталлі вельмі спадзяецца, што будзе хлопчык.

Але нават такое “становішча” не прымусіла спартоўку часова абмежаваць сябе ад спорту. Праз пару дзён пасля вяселля Еўрарадыё не змагло заспець будучую маці дома.

Як растлумачыла маці спартоўкі, Наталля нават зараз кожную раніцу ходзіць на трэніроўкі! Канечне, нагрузкі ўжо не тыя. Медыкі нават распрацавалі спецыяльную праграму, па якой зараз займаецца спартоўка.

Нейкія ж ахвяры ў спартыўнай кар’еры Наталлі прыйдзецца прынесці. Яна вымушана адмовіца ад удзелу ў Алімпійскіх гульнях у Пекіне.

Будзем спадзявацца, што два чэмпіёны змогуць ужыцца разам. У ранейшых інтэрв’ю Андрэй ужо не раз распавядаў пра свой цвёрды характар.

Па яго словах, яго трэніроўкі цалкам адрозніваюцца ад трэніровак Наталлі. Калі Наталля з трэнерам могуць накрычаць адна на адну, то Андрэй не дапускае, калі з ім размаўляюць на павышаных танах і ў такіх выпадках можа проста развярнуцца і сысці.

Самі маладыя не пагадзіліся размаўляць на тэму вяселля, спасылаючыся на тое, што гэта з’яўляецца іх асабістым жыццём.

Андрэй Міхневіч: "Ай, не… я такое не распавядаю. Ай, ну я не ведаю, гэта асабістая справа…"

Карэспандэнт: "А можа вы маеце фотаздымкі з вяселля?"

Андрэй Міхневіч: "Канечне, ёсць. Але вы думаеце, што я вам дам фатаздымкі свае?..(Смяецца).. Смешна!"

Карэспандэнт: "Чаму?"

Андрэй Міхневіч: "Ну, таму што я такі вось скрытны. Я асабістае жыццё трымаю ў сабе… Фатаздымкі не аддам, дакладна."

Карэспандэнт: "А як ішла падрыхтоўка да вяселля?"

Андрэй Міхневіч: "Ой, выдатна, адзін галаўны боль… Я вам кажу: асабістае жыццё мы не выстаўляем напаказ."

Калектыў Еўрарадыё жадае маладым доўгіх гадоў сумеснага жыцця, кахання, шчасця і дабрабыту.

Фота — mk.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі