Лазавік: Узброеныя людзі ў гарадах Украіны пакідаюць цяжкае ўражанне

Лазавік: “У мяне нават склалася ўражанне, што ўкраінцы ў большай ступені ішлі галасаваць за мір і спакой у краіне, чым за нейкага канкрэтнага кандыдата, альбо нейкую палітычную ідэю. Усім надакучыла ўжо гэтае шматмесячнае палітычнае супрацьстаянне”.



Беларуская дэлегацыя правяла ва Украіне некалькі дзён і наведала Кіеў, Барыспаль і Пераяслаў-Хмяльніцкі. Мікалай Лазавік расказвае, што ўзброеныя людзі ля адміністрацыйных будынкаў а таксама на блокпастах на выездах з гарадоў пакідаюць цяжкае ўражанне. У размовах з выбарцамі беларусы заўважылі, што украінцаў цяпер вельмі хвалюе ўзброенае супрацьстаянне на усходзе краіны.



Што тычыцца саміх пазачарговых выбараў прэзідэнта Украіны, то па словах Лазавіка, “пры жаданні парушэнні можна знайсці дзе заўгодна”. Аднак у дадзеным выпадку нават немагчымасць правесці выбары на ўсёй тэрыторыі Луганскай і Данецкай абласцей сакратар беларускага ЦВК не лічыць парушэннем.



Лазавік: “Нельга сказаць, што гэта парушэнні. Гэта, хутчэй, было вымушана, з-за палітычнай сітуацыі, што не паўсюль людзі маглі прагаласаваць, што некаторыя кандыдаты не мелі роўных правоў па доступу да ўсіх выбарцаў, не паўсюль маглі агітаваць”.



Пазачарговыя выбары прэзідэнта Украіны адбыліся 25 траўня. Яны прайшлі ў адзін тур, перамогу з вынікам у 54% галасоў атрымаў незалежны кандыдат Пётр Парашэнка. 28 траўня афіцыйныя віншаванні яму накіраваў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
 

Фота: ria.ru, АР

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі