Мікіта Бародка здаў матэматыку на 100 балаў і растлумачыў, чаму па рускай — 98
Матэматыка — 100 балаў, руская мова — 98. Нічога сабе вынікі цэнтралізаванага тэставання ў выпускніка мінскай гімназіі №29 Мікіты Бародкі. Хлопец распавядае Еўрарадыё, што, рыхтуючыся да тэстаў, паспяваў гуляць з сябрамі, глядзець кіно і нават гуляць у камп'ютарныя гульні. Мы пагаварылі і пераканаліся: Мікіта — не кібарг.
Еўрарадыё: Чаму заваліў рускую?
Мікіта: Матэматыка — дакладная навука. Каб добра яе здаць, трэба шмат працаваць, вучыць правілы, рашаць задачы. Каб разумець геаметрыю, мусіць быць вобразнае мысленне, трэба ўключаць логіку. А ў рускай шмат выключэнняў з правілаў і ўсё не так дакладна. Але, як і ў іншых навуках, веды напрацоўваюцца практыкай. Дзесьці штосьці недавучыў.
Еўрарадыё: Як ты рыхтаваўся да тэставання?
Мікіта: Я хадзіў у адукацыйны цэнтр "100 балаў", займаўся там рускай, матэматыкай і фізікай. Рускай — адзін год, матэматыкай і фізікай — два. У мяне і ў гімназіі добрыя настаўнікі, але аддаць шмат часу кожнаму вучню немагчыма. Займацца з рэпетытарам карысна, але калі не працаваць самому, ніякі, нават найлепшы рэпетытар не дапаможа. Усё залежыць ад чалавека і яго мэты. Каб праверыць свае веды, я два разы здаваў рэпетыцыйнае тэставанне па рускай мове, чатыры — па фізіцы і матэматыцы (першы раз пайшоў яшчэ ў мінулым годзе). Выніковае тэставанне па матэматыцы было складанейшым. Была складаная задача ўзроўню Б12 — яе не ўсе рашылі. Тая задача, якая была Б12 у РТ, у выніковым аказалася Б9 — вось такі сюрпрыз. Яшчэ ў выніковым было шмат геаметрыі. Выніковае тэставанне па фізіцы таксама аказалася складанейшым, чым рэпетыцыйнае. Мне здаецца, я дапусціў памылку, 100 балаў ўжо не набяру — не хапіла ведаў. Паспрабую ў будучыні гэта выправіць. Руская была па ўзроўні такая ж, як і тэст у мінулым годзе. І ён падаўся мне лягчэйшым, чым рэпетыцыйны. Можа, я проста больш рыхтаваўся. З гадамі руская даецца прасцей.
Еўрарадыё: Такое ўражанне, што ты толькі вучышся. А як жа вольны час?
Мікіта: Люблю братоў Стругацкіх. Перавагі ў музыцы розныя. Магу паслухаць як Бетховена, так і нешта сучаснае. Усё залежыць ад настрою. З любімым рэжысёрам пакуль не вызначыўся, але кіно — гэта мой самы любімы від мастацтва, таму што яно спалучае ў сабе ўсё адразу — і музыку, і працу рэжысёра, і працу акцёраў, і вельмі цікава глядзець, як там што знята. Калі фільм цікавы, ты выпадаеш з рэальнасці на пару гадзін. Са мной так.
Еўрарадыё: Калі ты апошні раз гуляў у кампутарныя гульні?
Мікіта: Гуляю. У мяне хапае вольнага часу. Падчас навучання ў школе я атэстатам асабліва не замарочваўся. Хадзіў на курсы, вучыўся, але пры гэтым шмат часу бавіў з сябрамі і за камп'ютарам таксама. Па дыскатэках не хаджу, там занадта шумна. Больш гуляем, ходзім у кіно ці сядзім у каго-небудзь з сяброў у гасцях. У мяне дастаткова шырокае кола зносін. Так што ўсё як ва ўсіх. Калі хочацца рашаць — рашаю, калі не — я не з тых людзей, якія могуць сябе прымусіць нешта рабіць.
Еўрарадыё: Ці можаш тады абазначыць галоўную праблему моладзі?
Мікіта: Перш за ўсё праблема пакаленняў. Як моладзь ставіцца да бацькоў, пажылых людзей. Розныя інтарэсы. Моладзь не разумее інтарэсаў бацькоў, і наадварот — таты і мамы не заўсёды разумеюць сваіх дзяцей.
Еўрарадыё: Добра. Ведаеш, што такое закладка?
Мікіта: Ну, першае, што прыходзіць у галаву, — гэта, вядома, не закладка для кнігі. Я разумею, пра што вы: наркотыкі — гэта вялікая праблема. Але сярод маіх сяброў ніхто не ўжывае, усе вядуць досыць здаровы лад жыцця.
Еўрарадыё: Ты ўваходзіш у БРСМ?
Мікіта: БРСМ — не маё. Нам прапаноўвалі: хтосьці ўступіў, хтосьці не. Гэта не такое злачынства, што калі ты адмовішся, то да цябе дадому прыедзе нарад. Мне здаецца, што БРСМ нічога не дае, так, для галачкі.
Еўрарадыё: Ты б з'ехаў з краіны?
Мікіта: Я шмат думаў пра гэта, але пакуль не наважыўся. Магчыма, трохі павучуся ў Мінску і потым з'еду, каб мець больш магчымасцяў для самарэалізацыі і пошуку добрай працы.
Еўрарадыё: Кім ты бачыш сябе ў будучыні?
Мікіта: Хачу займацца навукай — фізікай. Для мяне гэта спосаб пазнання свету. Мне заўсёды было цікава, чаму нешта адбываецца, з якой прычыны. Чаму, напрыклад, неба блакітнае, чаму сонца жоўтае. Як наогул ўладкаваная электроніка, па якім прынцыпе працуе мікрахвалеўка. Самае галоўнае — дакапацца да сутнасці.