Міліцыя патлумачыла, навошта затрымала музыкаў падчас здымак кліпа
Па словах праваахоўнікаў, на гурт Dzieciuki выклікалі міліцыю жыхары Заслаўя, якія прынялі муляжы зброі за сапраўдныя вінтоўкі і кулямёты.
"8 лістапада каля 5-ці гадзін вечара да супрацоўнікаў міліцыі, якія неслі службу па ахове грамадскага парадку на тэрыторыі горада Заслаўе звярнуліся грамадзяне і распавялі пра тое, што недалёка ад зоны адпачынку "Хмялеўскія сажалкі" у горадзе Заслаўе знаходзіцца група маладых людзей, якія пры сабе маюць стралковую зброю", — каментуе Еўрарадыё прычыну затрымання гродзенскага панк-гурта Dzieciuki начальнік прэс-службы УУС Мінаблвыканкама Аляксандр Данільчанка.
Сапраўды, у мінулую суботу гурт Dzieciuki здымаў кліп на песню "Хлопцы-балахоўцы" са свайго адзінага на сёння альбома "Гарадзенскі гармідар". Музыкі былі апранутыя ў ваенную форму часоў грамадзянскай вайны, белых і чырвоных, гойсалі на конях. Тут жа былі гаспадары гэтых коней, гісторыкі-рэстаўратары, здымачная група. Як толькі здымкі скончыліся, прыкладна ў 17.30, на поле прыехаў аўтазак. Усіх прысутных пагрузілі і павезлі ў Заслаўскае аддзяленне міліцыі для разбіральніцтва.
"Прадстаўнікі міліцыі нікому нічога не тлумачылі. Яны забралі відэа, цалкам забралі зброю, хаця гэта была не зброя, а муляжы, забралі бел-чырвона-белы сцяг і іншую апазіцыйную атрыбутыку", — распавядае лідар гурта Алесь Дзянісаў.
Па словах Алеся, у побытавым плане здымкі не мусілі каму-небудзь замінаць: яны адбываліся на палях, даволі далёкіх ад горада, ніякіх крыкаў ці шуму музыкі не рабілі. Хіба што, людзі ў вайсковай форме ды яшчэ з кулямётам прыцягнулі да сябе ўвагу, калі пераходзілі з аднаго поля на іншае праз шасэ:
"Зразумела, відовішча было яшчэ тое: мы ўсе ў вайсковай форме, коні, тачанка з кулямётам "Максім". Таму, можа, хто з мясцовых сапраўды спужаўся і патэліў. А магчыма, проста з самага пачатку ведалі, што будзе здымацца кліп, а я не адкрыю космас, калі скажу, што размовы могуць праслухоўваць ці праглядаць перапіску".
У аддзяленні міліцыі музыкаў пратрымалі амаль да 21.00. Неафіцыйна ім сказалі, што яны мусілі мець адмысловыя паперы на здымкі кліпа. А без іх здымачны працэс палічылі несанкцыянаванай акцыяй. Усе затрыманыя былі апытаныя. Задаваліся пытанні пра дзейнасць гурта, тэксты і аўтарства песень, да таго ж, былі агледжаныя аўтамабілі ўдзельнікаў здымак. Прычым, падкрэслівае Алесь, стаўленне да затрыманых з боку АМАПа, які іх ахоўваў, і іншых супрацоўнікаў, было адэкватнае. Адзняты матэрыял кліпа міліцыянты забралі на 10 дзён "для высвятлення зместу".
У прэс-службе Мінаблвыканкама Еўрарадыё аспрэчваюць інфармацыю пра тое, што музыкі мусілі мець дазвол на здымкі:
"Для таго, каб здымаць кліп, не трэба браць дазвол. Для правядзення нейкага масавага мерапрыемства сапраўды трэба браць дазвол. Ці з'яўляліся здымкі кліпа гэтым самым масавым мерапрыемствам, на дадзены момант мне складана сказаць, таму што прававая ацэнка сітуацыі будзе вынесеная пасля праверкі".
Алесь Дзянісаў не хоча звязваць затрыманне з "чорнымі спісамі", у якія нібыта ўваходзіць і гродзенская каманда. І тым больш, музыка не хоча рабіць піяр на апошняй падзеі:
"Можа быць, што гэта ў нейкім сэнсе працяг забаронаў, а можа быць, што гэта проста так супала. Я ніколі не хацеў рабіць піяр на падобных штуках, маўляў, нам забараняюць, значыць, мы крутая каманда. Паўтаруся, мы не хочам рабіць на гэтым піяр і не будзем. Таму што гурт мусіць "браць" не нейкімі забаронамі, а песнямі і музыкай".
Па папярэдніх выніках праверкі, якая праводзіцца УУС Мінаблвыканкама, зброя, якая выкарыстоўвалася ў здымках, не баявая… У музыкаў былі муляжы.
Фота з сацыяльных сетак і Насты Рубанавай