"Басовішча": У нас былі вялікія даўгі, але цяпер пачынаецца новае жыццё

Ганна Пякарская ўжо чатыры гады ўзначальвае “Беларускае аб’яднанне студэнтаў" Польшчы. А адпаведна, увесь гэты час адказвае за арганізацыю культавага і найстарэйшага беларускага оўпэ-нэйра “Басовішча”, які традыцыйна праходзіць побач з беларускай мяжой у польскім мястэчку Гарадок. Ганна завітала ў студыю Еўрарадыё на наступны дзень пасля фэсту “Купальскае кола”, знаходзячыся пад уражаннямі ад двухдзённага канцэрта, з шэрагам эксклюзіўных навінак пра “Басы”.

Еўрарадыё: Штогод “Басовішча” хоць неяк, але змяняецца. Што новага мы ўбачым на фестывалі сёлета?

Ганна Пекарская: Мы ўжо раней паспрабавалі зрабіць фестываль не толькі музычным, але і ў пэўнай ступені агульнакультурным. Сёлета ўпершыню будзе шырока прадстаўленая беларуская культура. Мы жадаем адкрыцца для гледачоў, для якіх недастаткова музыкі, але беларуская культура ім блізкая. Мы жадаем паказаць, што “Басовішча” — таксама і для іх. Таму сёлета будзе працаваць асобная зона, якая будзе называцца “Басмежжа”, дзе можна будзе паглядзець і набыць беларускія кніжкі ды дыскі. Мы пачынаем супрацоўніцтва з “Арт-сядзібай” і Symbal.by. Будуць беларуская і вегетарыянская кухні.

Улічваючы, што “Басовішча” праходзіць у Польшчы, на яго прыязджае вельмі шмат палякаў, мы хочам зрабіць заняткі па беларускай мове, каб палякі ведалі не толькі беларускую лаянку, а хоць крыху больш. Таксама мы плануем ладзіць невялічкія кінапаказы. У суботу раніцай, напрыклад, будзем паказваць мультфільм “Шрэк” з беларускімі субтытрамі. Будзем паказваць дакументальны фільм “Made in BY” і беларускую сучасную анімацыю для старэйшага гледача.

Еўрарадыё: Ці змянілася нешта ў арганізацыйным працэсе? Можа, прыйшлі новыя людзі з новымі ідэямі…

Ганна Пякарская: Прыйшлі. Але, калі казаць пра польскі бок, то ў асноўным гэта нашы сябры, якія ўжо дасягнулі такога ўзросту, што ім хочацца дапамагчы ў арганізацыі “Басовішча”, а не проста патусавацца на ім.

Адзначу, што сёлета і ў наступныя гады мы будзем старацца пашыраць супрацоўніцтва менавіта з беларускім бокам. Ужо пачалі працаваць разам з Сяргеем Будкіным, Алесем Таболічам. Проста, каб рабіць фестываль на вышэйшым узроўні, нам не хапае падтрымкі беларускага боку.

Апошнія чатыры гады ў нас былі вельмі сур’ёзныя фінансавыя праблемы

Еўрарадыё: Арганізатарамі фестывалю выступаюць студэнты БАСа (Беларускага аб’яднання студэнтаў). Ці не было ідэі, паспрабаваць часткова перадаць гэты працэс прафесіяналам, нейкай камерцыйнай арганізацыі, якая гэтым ужо даўно займаецца?

Ганна Пякарская: Мы думаем пра далучэнне да арганізацыйнага працэсу нейкіх прафесіяналаў. Што праўда, такія пытанні вельмі цяжка вырашаць. “Басовішча” 26 гадоў робіцца студэнтамі. Гэта імпрэза студэнцкая і для студэнтаў.

Але калі мы хочам рабіць яе на вышэйшым узроўні, трэба змяняць структуру, бо ў статуце “Беларускага аб’яднання студэнтаў” прапісана, што старшыня арганізацыі абіраецца толькі на два гады і можа быць пераабраны толькі на адзін тэрмін. Агулам атрымліваецца чатыры гады. Але чатыры гады для таго, каб навучыцца рабіць фестываль, рабіць яго на высокім узроўні — вельмі мала. Таму цяпер мы думаем, як гэта змяніць, каб фестываль працягваўся і штогод яго ўзровень уздымаўся.

Разумееце, апошнія чатыры гады ў нас былі вельмі сур’ёзныя фінансавыя праблемы. Мы не вельмі любім пра гэта казаць, але ў нас былі вельмі вялікія запазычанасці. Але сёлета іх ужо няма, і толькі цяпер мы можам пачаць думаць пра будучыню, а не пра мінулае. І толькі цяпер мы можам выйсці з усіх гэтых нашых праблем і, як кажуць, з усмешкай на твары зазірнуць у тое, што будзе.

Еўрарадыё: Калі “Басовішча” толькі пачыналася, гэта быў адзіны шматдзённы беларускі фестываль, які фактычна не меў канкурэнтаў. Цяпер нават у самой Беларусі праходзіць нямала фэстаў, дзе можна паслухаць беларускія і замежныя гурты. На канцэрты забароненых музыкаў можна з’ездзіць у тую ж Вільню, і “Басовішча”, атрымліваецца, паступова застаецца па-за гульнёй. Ці ёсць нейкі план па вырашэнні гэтай сітуацыі?

Ганна Пякарская: У Беларусі сапраўды з’яўляюцца фестывалі. Але калі будзе беларускі фестываль, які праходзіць 26 гадоў, мы будзем размаўляць пра беларускі фестываль. А пакуль самаму старэйшаму фэсту колькі?

Еўрарадыё: Ну, гэта ж пытанне не пра ўзрост.

Ганна Пякарская: Я разумею, але… Як я вам ужо казала, апошнія гады ў нас былі вельмі сур’ёзныя фінансавыя праблемы. І цяпер, калі гэтыя праблемы вырашаныя, мы пачынаем новае жыццё. Калі прайшоў 25-ы фестываль, мы зразумелі, што трэба нешта мяняць. “Басовішча”, як мы гэта разумеем, — фестываль маладой Беларусі. А мы і ёсць маладая Беларусь, таму мы жадаем рабіць “Басовішча” такім, каб нам самім было яго прыемна глядзець і ім займацца. Таму адзінае, што я магу сказаць, што мы з ахвотай супрацоўнічаем з усімі і абсалютна адкрытыя для супрацоўніцтва.

Консульства дае нам 100 віз, заявак прыходзіць толькі на 80, а пашпарты здаюць толькі 40… У такім выпадку крыўдна чуць, што мы вам не дапамагаем

Еўрарадыё: Апошнія гады беларусаў на фестывалі стала менш. З чым вы гэта звязваеце і ці будзе сёлета дастатковая візавая падтрымка?

Ганна Пякарская: Ведаеце, візавая падтрымка — вельмі-вельмі складаная справа. Са свайго боку мы робім усё, каб падтрымаць візамі беларусаў. І калі мы атрымліваем ад консульства, што бясплатныя візы могуць атрымаць людзі да 25 гадоў, добра, што хоць да 25 гадоў. Сёлета мы атрымалі магчымасць зрабіць бясплатныя візы ў Гродне, Брэсце і Мінску — то бок ад усіх польскіх консульстваў у Беларусі. Для нас гэта шмат. Але тое, што пакуль у Мінску нам дазволілі паставіць толькі 150 віз — гэта не наша памылка ці недапрацоўка. Адзінае, што мы можам, гэта прасіць у консульстве павялічыць гэтую лічбу.

У той жа момант у Брэсце і Гродне былі бясплатныя візы, і ўжо не ад нас залежыць, колькі людзей падалі заяўку і колькі з іх у выніку данясе сваю анкету і пашпарт. Словы, што мы вас не падтрымліваем — вельмі непрыемныя для нас. Мы робім усё магчымае! Але, калі консульства дазваляе 100 віз, прыходзіць толькі 80 заявак і толькі 40 чалавек ідуць здаваць пашпарт… Натуральна, што ў наступным годзе нам будзе цяжэй выбіць гэтыя візы, і, хутчэй за ўсё, нам зробяць меншую квоту. Таму варта думаць крыху і пра тое, што вы сабе таксама мусіце хоць трошкі дапамагчы, а не толькі абвінавачваць нас у тым, што мы не хочам вам дапамагаць.

Еўрарадыё: Дык а яшчэ можна падаць заяўку на візу, ці ўжо не?

Ганна Пякарская: З Мінска мы атрымалі больш за 500 заявак, але консульства нам дазволіла зрабіць толькі 150 віз. Цяпер мы робім усё, каб іх было больш. Але, на жаль гэта ўжо не ад нас залежыць, бо мы можам толькі прасіць.

Замест Naka ў конкурсе выступяць “СпіноюДаСонца: Вышэй за зоры!”, а на асноўнай сцэне сыйграюць Akute

Еўрарадыё: Самы час паразмаўляць пра ўдзельнікаў. Хто сёлета будзе выступаць, чакаем ад вас эксклюзіўнай інфармацыі!

Ганна Пякарская: Тыя, хто сочыць за нашай старонкай у Facebook, ужо ведаюць, што ў конкурснай частцы будуць удзельнічаць Exegutor, ByCry і Tonqixod. Naka, на жаль, адмовілася ад выступу, таму эксклюзіўна магу паведаміць, што замест яе на конкурс паедзе гродзенскі праект “СпіноюДаСонца: Вышэй за зоры!”.

Таксама мы ўжо абвяшчалі, што выступяць Лявон Вольскі, Brutto, SP Kava, Yegor Zabelov Trio, Dzieciuki ды польскія гурты Lao Che і Ostrov. І яшчэ адзін эксклюзіў: на “Басовішча-2015” таксама прыедзе гурт Akute. Пасля фестывалю “Купальскае кола” мы з арганізатарамі вырашылі запрасіць гурт FolCore.

Еўрарадыё: Калі мы ўжо ўзгадалі пра конкурс, то цікава, чаму ў журы прысутнічаў толькі адзін прадстаўнік Беларусі?

Ганна Пекарская: Скажу, што заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 40 гуртоў. Але ўдзельнічалі толькі 35, бо 5 калектываў няправільна аформілі заяўку. А адзін беларускі прадстаўнік у журы быў таму, што толькі з адным чалавекам мы дагэтуль супрацоўнічалі. Сяргей Будкін — адзіная асоба, якая нас заўсёды падтрымлівае, і піша пра нас вельмі добра і пазітыўна. Але тут не ідзе гаворка пра тое, што мы баімся крытыкі, не. Проста, калі ён крытыкуе, то робіць гэта канструктыўна. Таму сёлета быў толькі адзін прадстаўнік. Але ў наступным годзе мы плануем пашырыць прадстаўніцтва беларускага боку ў журы і правесці конкурс на жыва ў Мінску.

Еўрарадыё: Такое ўжо калісьці было, але ад гэтай ідэі адмовіліся, чаму?

Ганна Пекарская: Гэта трэба пытацца ў тых, хто ад яе адмаўляўся. Але, калі я ўжо была арганізатарам, мы спрабавалі зрабіць такі адбор. У 2012 годзе ён у нас атрымаўся не зусім такім, як мы планавалі. Плюс, як я ўжо казала, у нас былі фінансавыя праблемы, якія нам трэба было вырашыць. Але цяпер усё добра, і мы будзем зноў развівацца ў гэтым накірунку.

Еўрарадыё: Якія прызы чакаюць пераможцу?

Ганна Пекарска: Яны атрымаюць узнагароду ад войта гміны Гарадок у 2000 злотых (каля 550 долараў, — Еўрарадыё). Таксама яны атрымаюць добры час для выступу на “Басовішчы-2016” і будуць гучаць у прайм-тайме на “Радыё Рацыя” з заяўкай “адкрыццё “Басовішча””.

Еўрарадыё: Гэта першае месца. А за іншыя што-небудзь прадугледжваецца?

Ганна Пекарска: Пакуль што не.

Плануем выйсці на камерцыйны ўзровень, але казаць пра планы няма сэнсу

Еўрарадыё: Яшчэ адно арганізацыйнае пытанне. Чаму ўдзельнікі “Басовішча” заўсёды агучваюцца так позна?

Ганна Пекарская: Гэта вельмі проста патлумачыць. Мы арганізацыя, якая фінансуецца міністэрствамі і ўсё залежыць ад грантаў. Каб набраць гурты, мы мусім ведаць, які ў нас бюджэт. І пакуль мы не ведаем, колькі ў нас будзе грошай, нам папросту нельга заяўляць выступ гуртоў. Над праграмай наступнага фестывалю мы працуем амаль адразу пасля заканчэння “Басовішча” гэтага года. Але, на жаль, усё залежыць ад фінансавання.

Еўрарадыё: А выйсці на камерцыйны ўзровень вы не плануеце?

Ганна Пекарская: Плануем. Але няма сэнсу казаць пра планы, бо трэба казаць пра тое, што зроблена. Тое, што плануецца, лепш не агучваць, бо яшчэ не атрымаецца, і будзе сумна.

Даведка Еўрарадыё:

"Басовішча-2015" сёлета праходзіць 17-18 ліпеня ў мястэчку Гарадок недалёка ад беларуска-польскай мяжы (памежны пераход Бераставіца-Баброўнікі). Намётавае мястэчка будзе каштаваць як заўсёды — 20 злотых на два дні (каля 5 долараў, — Еўрарадыё). Інфармацыя пра дакладную праграму будзе апублікаваная праз тыдзень на старонцы фестывалю ў Facebook і на сайце Еўрарадыё. Выступяць Лявон Вольскі, Brutto, Akute, Dzieciuki, SP Kava, Yegor Zabelov Trio ды польскія гурты Lao Che і Ostrov.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі